Наймальнік знізіў ім заробак на 400 тысяч.

Каля 200 з 300 рабочых ААТ «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» паставілі подпісы пад зваротам да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яны просяць адмяніць загад адміністрацыі «Аб рэалізацыі норм Пастановы Савета Міністраў №744», згодна з якім работнікам не выплацілі індэксацыю заработнай платы, піша praca-by.info.

- Кожны з нас страціў каля 400 тысяч рублёў. Для людзей гэта істотная сума, бо заробак на прадпрыемстве складае ад 3 да 4 мільёнаў рублёў, - распавялі працаўнікі фабрыкі. - Дзве траціны працуючых адкрыта падпісаліся пад зваротам. Астатнія таксама абураюцца, але начальства пагражае ім КДБ. Адзін цэх наогул запалоханы.

Ліст са зваротам да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны працоўныя плануюць адправіць 23 кастрычніка. Калі загад адміністрацыі не будзе адменены, яны маюць намер абвясціць страйк.

Пастановай Савета Міністраў №744 «Аб аплаце працы работнікаў», якая ўвайшла ў дзеянне ў жніўні гэтага года, рост заработнай платы ўвязваецца з ростам прадукцыйнасці працы. Першым пунктам пастановы ўстаноўлена, што «ў дзяржаўных арганізацыях і арганізацыях, у статутным фондзе якіх доля ўласнасці дзяржавы складае больш за 50%, рост намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў дапускаецца толькі пры ўмове апераджальнага росту прадукцыйнасці працы; пры невыкананні названай умовы фонд заработнай платы за справаздачны месяц памяншаецца да памеру, які забяспечвае суадносіны росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы не менш 1,0».

Лідар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч мяркуе, што пры прыняцці вышэйпаказанай пастановы была дапушчана сур'ёзная памылка.

— З пункту гледжання эканомікі гэта пастанова лагічная: нельга раздзімаць зарплаты (і тым самым інфляцыю), калі яны не падмацаваныя павышэннем прадукцыйнасці працы. Яна накіраваная не на памяншэнне заработнай платы, а на тое, каб працадаўцы не маглі яе неабгрунтавана павялічваць. Пастанова №744 павінна распаўсюджвацца толькі на непасрэдную заработную плату, гэта значыць, на фіксаваную зарплату і прэміі, але ні ў якім разе не на індэксацыю і сацыяльныя выплаты, якія ніякага дачынення да павышэння прадукцыйнасці працы не маюць, - адзначае Генадзь Фядыніч. - Заробак індэксуецца паводле дзейснага заканадаўства. Але чыноўнікі пакінулі шчыліну працадаўцам, і дырэктары прадпрыемстваў цяпер спасылаюцца на пастанову №744 і скасоўваюць індэксацыю. Пастанова наносіць цалкам неабгрунтаваную шкоду работнікам, і яе трэба скасаваць. Рэакцыю працоўных у Слоніме я разглядаю, як адэкватную. Нельга кампенсаваць за кошт людзей агрэхі, якія дапусцілі дзяржава і адміністрацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0