Расійскі бок плануе правесці комплексны аналіз экспарту бітумных сумесяў з Беларусі. Разглядаецца пытанне аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы пры ўдзеле Федэральнай мытнай службы РФ, якая зоймецца гэтым пытаннем.

Мяркуецца, што высновы, якія будуць падрыхтаваныя паводле вынікаў расследавання, міжведамасная група падасць у расійскі і беларускі ўрады. 

Паводле наяўных звестак, расійскі бок мае намер прасіць беларускіх партнёраў даць рабочай групе доступ да інфармацыі, якая адносіцца да экспарту бітумных сумесяў з Беларусі. Не выключана таксама, што міжведамасная група можа наведаць беларускую вытворчасць бітумных сумесяў. 

Правесці комплексны аналіз экспарту беларускіх бітумных сумесяў Расія плануе ў мэтах спынення паўтору схемы з гэтак званымі растваральнікамі, якую Мінск выкарыстоўваў у 2012 годзе. Расіяне падазраюць, што пад прыкрыццём бітумных сумесяў беларускія пастаўшчыкі могуць экспартаваць нафтапрадукты і такім чынам не выплачваць вывазныя пошліны ў расійскі бюджэт. 

У Маскве звяртаюць увагу на тое, што рост экспарту беларускіх бітумных сумесяў у 2014 годзе прыкладна роўны паніжанаму аб'ёму вывезеных з рэспублікі нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх за межы Мытнага саюза Беларусь павінна пералічваць вывазныя пошліны ў расійскі бюджэт. 

Так, за студзень—жнівень гэтага года экспарт беларускіх бітумных сумесяў у фізічным выражэнні вырас на 658,3 тыс. тон, а экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у гэты ж перыяд знізіўся на 612,3 тыс. тон. 

Рэзкі рост экспарту беларускіх растваральнікаў два гады таму стаў падставай для таго, каб Расія западозрыла Беларусь у экспарце паліва пад відам растваральнікаў з мэтай пазбегнуць выплаты вывазных пошлін на нафтапрадукты ў расійскі бюджэт. Абмеркаванне гэтага пытання тады дайшло да ўзроўню прэм'ер-міністраў і прэзідэнтаў дзвюх краін. У выніку ў верасні 2012 года кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч заявіў пра спыненне экспарту растваральнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?