На месцы трагічных падзеяў Еўрарадыё сустрэлася з блізкімі забітых. А сваячка падазраванай расказала, як у турме жанчыну «мучыць сатана».

Да дома жлобінскай сям’і Анкоўскіх, дзе выразалі і спалілі траіх чалавек, няспынна пад’язджаюць людзі з усёй Беларусі. Кажуць, тут пабывала ўжо з тысячу чалавек: цыганы і беларусы, знаёмыя і незнаёмыя. Пахаванне адбывалася у сераду 22-га кастрычніка.

Маці сямейства Валянціну Анкоўскую, бацьку Уладзіміра і старэйшага сына Мікалая на мінулым тыдні збілі, зарэзалі і спалілі ў лесе пад Жлобінам у старэнькіх «Жыгулях». Пад падазрэннем у праваахоўнікаў малодшы сын Саша і нявестка Рубіна, жонка забітага Мікалая. Да гэтай жа версіі схільны і людзі, з якімі нам удалося паразмаўляць.

Мікалай і Рубіна

Што магло прывесці да такога зверства?

Кажуць, што ў жлобінскім крымінальным вышуку падазраваных ужо раскалолі. Да бяды, як там лічаць, давёў любоўны трыкутнік. Рубіна мела таемныя адносіны з малодшым братам мужа. Сітуацыя ў сям’і напалілася, і «закаханыя» маглі спланаваць забойства, каб ім не перашкаджалі жыць у сваё задавальненне.

«У сакавіку Валянціне было б 50. Малодшы сын быў любімец. Ён днямі сядзеў у інтэрнэце, у тэлефоне. А яна ўсё для яго рабіла, - плача сяброўка і калега забітай. - Мы разам працавалі на рынку. Помню, як апошні раз развіталіся. Нічога не прадказвала бяды. Хоць Валя ведала, што адбываецца. Казала нам, што «дома будзе вайна».

Анкоўскія жылі ў даволі дэпрэсіўным раёне Жлобіна. Гэта не была тыповая цыганская сям’я, бо Валянціна - беларуска. Суседзі распавядаюць, што бацька сямейства Уладзімір раней працаваў зваршчыкам. Таксама трымаў свойскую жывёлу, завіхаўся з коньмі. Хоць мясцовыя цыганы даволі адкрыта і ветліва ідуць на кантакт, тут па-ранейшаму жывуць людзі, якія не навучаліся ў школе. Першае, на што мясцовыя цыганы скардзяцца Еўрарадыё, гэта на праблемы з пошукам працы. Не працавалі і абодва браты Анкоўскія.

Той самы дом, дзе зламыснікі ўчынілі расправу

Паводле традыцый, мясцовыя цыганы часта бяруць шлюб у раннім узросце. Рубіна пабралася з Мікалаем, калі ёй было 14. Пра асэнсаваны выбар тут казаць не даводзіцца. Выглядае, што ўсе названыя сацыяльныя праблемы маглі паўплываць на жахлівае здарэнне ў гэтым прыватным сектары Жлобіна.

«Калі забівалі Валю і Колю, бацька быў у гасцях. Адчуў сябе дрэнна: «Нешта сэрца баліць, перажываю, пайду дадому»

Сваякі загінулых сёння разважаюць над тым, ці магчыма было спыніць забойства.

«У апошні час Рубіна мела са свякроўю нейкія разборкі. Валя хацела яе нават з дому выгнаць. Але старэйшаму сыну нічога не казала, каб брата на брата не натравіць, - узгадвае сваячка Анкоўскіх. - Хацела, каб па ціхаму ўсё скончылася. А Рубіна пастаянна рабіла сутычкі ў сям’і, натраўлівала ўсіх адно на аднаго. Малодшы сын Саша быў у шлюбе, меў дзіця, але разышоўся. Каб тая жонка была, не здарылася б такой бяды».

Кажуць, падазраваныя прызналіся следчым, што да забойства спрабавалі ці то атруціць, ці то ўсыпіць бацькоў і Мікалая, які перашкаджаў «каханню».

«Хацелі іх выключыць, напэўна, а старэйшага сына забіць, выкінуць на двары, маўляў, сам памёр. А Валя, відаць, нешта ўбачыла, - дзеляцца блізкія забітай сям’і яшчэ адной версіяй. - Жыццё забралі і ў яе. У гэты час бацька быў у гасцях. Там ён адчуў сябе дрэнна: «У мяне нешта сэрца баліць, дрэнна мне, нешта перажываю, пайду дадому». Але і каб не пайшоў, у жывых бы потым не пакінулі…»

«У турме яны не спяць. Крычаць, пішчаць. Сатана мучыць»

Блізкіх сваякоў падазраванай Рубіны М. знаходзім у прыватным доме ля жлобінскага Лядовага палацу. Спачатку журналіста праганяюць, але на развітанне не абмінаюць магчымасці, каб выказацца наконт сваячкі.

«Мы ўсе жахнуліся. Тое, што заслужылі, тое няхай і атрымліваюць, - жорстка выказваецца жанчына сталага веку. - Яна ні на што не скардзілася ні маці, ні бацьку. Нібыта была добрай жанчынай, ніколі не была агрэсіўнай. Розуму не падуладнае тое, што яны нарабілі. Яны ж нармальна жылі!»

Ці адразу падазраваныя планавалі выразаць сям’ю, ці гэта здарылася па ходзе справы - сэнс ад гэтага не мяняецца. Праўда, у Жлобіне кажуць пра яшчэ адну версію забойства.

«Толькі вось выйшаў цыган з турмы, дзе Рубіна і Саша цяпер знаходзяцца. Расказваў, што яны начамі там не спяць. Сатана мучыць. Крычаць, пішчаць. Страшна там чуць нават, што адбываецца, - распавядае яшчэ адна сваячка падазраванай. З жанчынай мы пагутарылі ў вёсцы Лукі пад Жлобінам. - Думаў, што іх дапытваюць, б’юць. Але міліцыянеры сказалі, што іх не кранаюць. ВЯдома, гэта д’ябал да іх прыходзіць. На яе б мы ніколі не сказалі, што такое можа ўчыніць. Яна такая прыгожая, што тут мала такіх цыганак сустракаю. І вось гэта рэўнасць, адно да аднаго - і ўсё гэта зрабілася. Таму няхай вас Бог захоўвае і ахоўвае вашы сем’і і дамы».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру