Ёсць нешта асаблівае, цёплае, блізкае, калі ты адчуваеш родную мову. Так, так, менавіта — адчуваеш. Ты чуеш яе, калі табе тэлефануе твой сябар з Менска. Ты бачыш яе, калі раніцай перад працай чытаеш навіны дня на «Нашай Ніве» або на заблакаванай Хартыі. Родная мова малюе дзіўныя карціны ў тваім уяўленні, калі ты чытаеш кнігу на сваёй мове. А ўжо як прыемна бянтэжыць прыгожую i мiлую дзяўчыну, якая табе падабаецца, цёплымі беларускімі словамi…

Я не адзін такі. Ёсць людзі, якія адчуваюць тое, што і я. Час такі ў нас, на жаль. Але чаму мы гэта адчуваем? Бо родная мова ўжо на працягу колькіх гадоў знаходзіцца ў ланцугах ў велізарным склепе над нацыянальным Горадам Сонца. Чаму родная мова цяпер усё часцей і часцей на слыху і ў пікселях?

Так усё проста! Пакуль жывая мова — жывы народ, жывы чалавек, яго частка сумлення, самасвядомасць, вера і надзея на будучыню. А пазбавіць усяго гэтага чалавека немагчыма. Таму, нягледзячы на ўсе цяжкасці, родная мова будзе побач у любы халодны дзень, у любую сумную гадзіну і будзе служыць напамінам пра тое, што гонар, вера і надзея — па-ранейшаму жывыя ў нашых сэрцах.

Дык што ж тады гэта за пачуццё? Цёплае, блізкае і роднае, калі адчуваеш родную мову? Не разумеем да канца, напэўна, і мы самі. Дзядзька Лявон, цябе я слухаю і атрымліваю асалоду кожны дзень. І твой голас нiколi не стоміцца гучаць у маёй галаве:

Тое, што ёсць паміж намі,
Нельга памацаць рукамі.
Тое, што ёсць паміж намі,
Не прадаецца ў краме.

Тое, што ёсць паміж намі,
Не разумеем мы самі.
Тое, што ёсць паміж намі,
Тое, што ёсць паміж намі.

Гэтым маленькім запісам хачу выказаць падзяку «Нашай Ніве» за тое, што яна кожны дзень побач са мной; спадару Лявону Вольскаму за тое, што яго музыка кожны дзень побач са мной, і ўсім тым людзям, якія берагуць і любяць сваю родную мову. Вялiкi дзякуй Вам! 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру