Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія не згодная з пазіцыяй аб тым, што ёй павінна быць не дазволена адстойваць свае інтарэсы. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні клуба «Валдай», каментуючы розніцу ў падыходах да косаўскага і крымскага рэферэндумаў.

Расійскі лідар нагадаў пра крылаты лацінскі выраз, сэнс якога ў тым, што ёсць рэчы, якія дазволеныя адным, але забароненыя іншым: «Тое, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку». «Мы не можам пагадзіцца з такімі фармулёўкамі», — падкрэсліў ён.

«Можа быць, быку і не дазволена, але хачу вам сказаць, што мядзведзь ні ў кога дазволу пытацца не будзе», — дадаў Пуцін. «Наогул, ён, мядзведзь, лічыцца ў нас гаспадаром тайгі, і ён не збіраецца — і я ведаю гэта дакладна — некуды пераязджаць у іншыя кліматычныя зоны, яму там няўтульна. Але тайгі ён сваёй нікому не аддасць, я думаю, што гэта павінна быць зразумела».

Пуцін адзначыў, што ў свеце раней была біпалярная сістэма, пад якую пісаліся ўсе правілы пасля Другой сусветнай вайны.

«Так, Савецкі Саюз называлі Верхняй Вольтай з ракетамі. Так! Можа быць. Але ракет было… заваліся. І былі такія яркія палітычныя дзеячы, як Мікіта Хрушчоў, які там, у ААН, ботам стукаў. Ну і ўсё ў свеце, перш за ўсё ў Штатах, думалі: ну яго на фіг, гэтага Мікіту, возьмуць, дзеўбануць, ракет у іх поўна… Лепш ставіцца да іх з павагай «, — адзначыў расійскі лідар. Але калі СССР не стала, пачаліся «спакусы» не лічыцца з Расіяй, якая прайшла трансфармацыю ў ходзе развалу Саюза. Пуцін нагадаў пра тое, што адбывалася ў Іраку, Лівіі, Афганістане, а да гэтага ў Югаславіі. «Гэта што, усё было ў рамках міжнароднага права ці што? Што вы нам казкі расказваеце?» 

«Значыць, камусьці можна наогул ні з чым не лічыцца, а нам абараняць свае крэўныя інтарэсы рускамоўнага і рускага насельніцтва ў Крыме нельга? Так не будзе!» — дадаў прэзідэнт РФ.

Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што рашэнне аб правядзенні рэферэндуму ў Крыме прымалася легітымным парламентам паўвострава. Расійскі лідар перш за ўсё нагадаў пра прапісанае ў ААН праве нацый на самавызначэнне.

«У Крыме людзі правялі рэферэндум. Бо там не проста так мы ў Расіі заявілі пра тое, што прайшоў рэферэндум. Рашэнне аб правядзенні рэферэндуму прыняў абсалютна легітымны прадстаўнічы орган улады Крыма — парламент Крыма, абраны, дарэчы кажучы, па ўкраінскім законе яшчэ некалькі гадоў таму, да ўсіх гэтых цяжкіх падзей», — сказаў Пуцін. «А потым на аснове гэтага рэферэндуму (Крым), гэтак жа як і Косава, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці і звярнуўся да Расіі з просьбай прыняць у склад Расійскай дзяржавы», — заўважыў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру