Унікальная купюра наміналам 5000 беларускіх рублёў, выстаўленая на інтэрнэт-аўкцыён ay.by, 26 кастрычніка была прададзеная за 1580 даляраў. Яе набыў карыстальнік з Расіі пад нікам Васілій1965.

У каментарах калекцыянеры папяровых грошай назвалі кошт рэкордны для беларускіх банкнот. У працэсе аўкцыёну стаўкі падымаліся вышэй за 1580 даляраў, аднак некаторыя з іх былі знятыя з розных прычынаў, часцей за ўсё з каментаром «нерэальная цана».

Купюра была выстаўлена на таргі 26 верасня. «Стан патрапаны. Па цэнтры маленькая скразная адтуліна (працёрта). Невялікія надрывы па баках», — апісаў лот прадавец пад нікам Bonist.

За месяц цана на лот узрасла больш чым у тысячу разоў: з 1 да 1580 даляраў.

Каштоўнасць банкноты заключаецца ў яе рэдкай літарнай серыі АГ.

Як пісалі ў каментарах калекцыянеры папяровых грошай, за 14 гадоў гэта першая выяўленая банкнота дадзенай серыі наміналам 5000 рублёў. Прадавец паведаміў, што атрымаў яе з рэштай каля года таму.

Аўкцыён па продажы рэдкай купюры набраў амаль 30 тысяч праглядаў. Стаўкі зрабілі 14 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?