У рукі супрацоўнікаў украінскага тэлеканала ТСН трапілі сенсацыйныя відэазапісы, якія ставяць пад сумнеў удзел у АТА Алега Ляшко, партыя якога па выніках экзіт-полаў прайшла ў Вярхоўную Раду Украіны, набраўшы 6,4% галасоў выбаршчыкаў.

Нагадаем, што Алег Ляшко актыўна выкарыстоўвае вобраз барацьбіта з сепаратыстамі на ўсходзе Украіны. У Інтэрнэце ёсць некалькі матэрыялаў, у якіх Ляшко дапытвае затрыманых сепаратыстаў. Таксама папулярным быў ролік, у якім быў паказаны абстрэл валанцёраў ад радыкальнай партыі Ляшко падчас іх візіту ў зоне АТО.

Матэрыялы, якія дэманструе ТСН, паказваюць працэс пастаноўкі гэтых ролікаў. Відэа, хутчэй за ўсё, было знята на мабільны тэлефон адным з удзельнікаў пастановак. У адным рэжысёр расказвае валанцёрам партыі Ляшко, як каму стаяць і куды падаць падчас «абстрэлу», а ў другім Алег Ляшко рэпетыруе допыт «сепаратыста». Як бачна, рэжысёр у абедзвюх пастановак адзін і той жа. Удзельнікі відэа паводзяць сябе вольна, усміхаюцца.

- Зараз, калі мы выйдзем у эфір, я скажу, што ты махровы дыверсант. Хаця гэта перабольшанне. У цябе толькі швэдар махровы, а не дыверсант ты махровы, – дае Алег Ляшко інструктаж «сепаратысту».

- Які ў мяне пашпарт? – пытаецца «сепаратыст» у рэжысёра.

- Украінскі. У цябе тры пашпарты: украінскі, расійскі і малдаўскі, - адказвае Ляшко.

Нельга сказаць, ці астатнія відэа з удзелам Ляшко і яго дзеяннямі ў зоне АТА з’яўляюцца фэйкам, але зразумела, што нанесены сур’ёзны ўдар па рэпутацыі лідэра радыкальнай партыі. Зрэшты, ён сам яго сабе і нанёс выкарыстаннем такіх метадаў для падвышэння ўласнага рэйтынга.

Нагадаем, што гэта не першы выпадак, калі відэа аб працэсе пастановак ролікаў украінскіх палітыкаў трапляе ў адкрыты доступ. Самым рэзанансным да гэтага было відэа з удзелам былога мэра Харкава, а таксама кандыдыта у прэзідэнты Украіны на выбарах 2014 года Міхаіла Добкіна, якое літаральна разабралі на цытаты. Многія фразы з гэтага відэа зрабіліся агульнавядомымі мемамі і актыўна выкарыстоўваюцца па сённяшні дзень. Невядома, ці такі ж лёс напаткае пастановачныя відэа з Алегам Ляшко, але падзея як мінімум падобнага масштаба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?