Мой калега Сяргей Навумчык часцяком паўтарае, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае. Знешне яно выглядае так, але гэта толькі верхні слой.

Магчыма, як і шмат хто з гадаванцаў савецкіх калгасаў, менавіта з такой затоенай нянавісцю да ўсяго дзеравенскага наш персанаж і прабраўся калісьці ў гарадскую палітыку. Але будучы ад прыроды віртуозам інтуітыўнага дзеяння, ён наўрад ці кіраваўся сваімі асабістымі пачуццямі, што ішло б на шкоду ягонай бязмежнай апантанасці ўладай і азарту ў гульнях без правіл.

За дваццаць гадоў нашага шчасця пад ягоным кіраўніцтвам у тэлевізары мы наглядзеліся і начуліся так шмат усяго, што можам беспамылкова кваліфікаваць дзейнасць першага і апошняга прэзідэнта краіны як тоўсты тролінг.

Прычым троліць Лукашэнка найперш уласны народ (якому, на жаль, не заўсёды хапае пачуцця гумару), а таксама — уласнае чынавенскае атачэнне, Еўропу і Расію, якой «верна служыць» і якая ў гэтым «верным служэнні» таксама не заўсёды здольная разгледзець тролінг васальнага кіраўніка «саюзнай рэспублікі».

Насамрэч, верна служыць Рыгоравіч толькі самому сабе і сваёй апантанасці ўладай. Магчыма, ён з самага пачатку сваім развітым спінным мозгам адчуваў, што галоўная небяспека ідзе адтуль, з краіны, дзе жывуць «тыя ж рускія, толькі без знаку якасці». І калі ягоны клопат пра асабістую ўладу лічыць галоўным матывам усёй ягонай дзейнасці, дык трэба прызнаць, што «нянавісць да ўсяго беларускага» тут была і застаецца ўсяго толькі знакам ляяльнасці «русскому миру», бо нішто іншае асабістай уладзе Лукашэнкі не пагражала. І не пагражае.

Калі раней дзейнасць прэзідэнта насіла выразны антыбеларускі характар, дык сёння ён канчаткова ператварыўся ў палітыка сродкаў, а не мэты.

Бо ягоная мэта — захаванне асабістае ўлады — настолькі мізэрная на фоне жыцця цэлага народа, што і мэтай назваць яе не выпадае. Імаверна, што ён цяпер паслабіць прэсінг на беларушчыну: мову, школу і кнігу. Але (і тут я з Сяргеем Навумчыкам цалкам згодны) ніколі не стане правадніком палітыкі беларусізацыі, якую грамадству трэба праводзіць самастойна, «міма яго».

Лукашэнка — не Атацюрк, у якога была мэта стварыць мадэрную нацыю.

Рыгоравіч увойдзе ў беларускую гісторыю як тоўсты троль, які, дзякуючы звышмернай цярплівасці і бязмернай тактоўнасці нашага народа, так надоўга затрымаўся на высокім троне.

* Троль — той, хто займаецца тролінгам. Тоўсты троль займаецца тролінгам у асабліва буйных памерах:).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?