Прэзентацыя ілюстрацый Наталлі Гарачай у галерэі «Ў», 22 кастрычніка 2014
Захапляльная гісторыя рамана «Мова» Віктара Марціновіча пабудавана на законах дэтэктыва. Але пад выглядам забаўляльнай літаратуры аўтар падсунуў нам моцныя лекі.
У рамане апісаны самы кепскі сцэнар будучыні: нас праглынула спачатку Расія, а пасля і Кітай, мова пад забаронай, ад Еўропы нас аддзяляе Новая Вялікая Кітайская Сцяна. Але кніга, хоць ставіць нас перад праблемамі – вялікімі!, — што віселі ўнутры і якія ты нават сфармуляваць не быў здольны, таксама дае жаданне жыць і працаваць.
Нездарма тэкстам натхніліся мастакі. Наталля Гарачая стварыла серыю ілюстрацый, якія, па словах аўтара, будуць выкарыстаны для ілюстрацыі нямецкага перакладу кнігі.
Брэнд «Саколка» распрацаваў калекцыю цішотак «Мова». Рыхтуецца да прэзентацыі інтэрнэт-гід па «мінскім чайна-таўне».
Гэта ўжо не раман, гэта рэактыўны рухавік!