Невядомы факт з біяграфіі класіка прыгадвае ўкраінскі журналіст Віталь Жажэра.

Я абяцаў напісаць пра знаёмства з Караткевічам. Тут неабходна тлумачэнне, як я ў свой час апынуўся ў Беларусі.

У 1976, калі скончыў Кіеўскі тэатральны інстытут імя Карпенкі­Карага, украінскі тэатр быў задушаны ідэалагічнай машынай — гэта была мёртвая зона, бесперспектыўная, без ілюзій. Многія выязджалі ў Маскву — як рэжысёры Танюк, Вікцюк. Цікава, што і Беларусь тады лічылася вольнай. Пра Машэрава распавядалі, што ён мог сабраць ЦК КПБ і павесці на прэм’еру ў тэатр імя Янкі Купалы — тым больш будынак ЦК месціўся зусім побач. Ва Украіне нешта падобнае ўявіць — неверагодна.

Якраз у той час галоўным рэжысёрам Магілёўскага аблдрамтэатра быў прызначаны Юры Міроненка. Ён перад тым працаваў у Кіеве, таму і паклікаў за сабой маладых акцёраў у Магілёў.

Мяне запрасіў памочнікам па літаратурнай частцы (у побыце — «заглітам»).

Мы там сабраліся ў пачатку восеньскага сезона 1976 года. Нас было з Кіева дзясятка паўтара — Магілёў быў нашым першым месцам працы.

Тэатр працаваў (як і цяпер) на расейскай мове. Міроненка паставіў некалькі яркіх спектакляў: «Інтэрв’ю ў Буэнас­-Айрэсе» Генрыха Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Рустама Ібрагімбекава, «Арфей спускаецца ў пекла» Тэнэсі Уільямса. Але кожны жывы тэатр павінен клапаціцца і пра драматургію сваёй краіны. І я пачаў распытваць акцёраў-беларусаў, хто ў іх лічыцца найлепшым сучасным пісьменнікам. Мне назвалі два імені: Някляеў і Караткевіч. Асабліва пры гэтым падкрэслівалася, што гэтыя людзі пішуць такой беларускай мовай, «у якой нават мы ведаем не ўсе словы».

Я знайшоў у бібліятэцы кнігі Караткевіча — і наш з Міроненкам выбар спыніўся на рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Мы даведаліся, што Караткевіч зрабіў па рамане кінасцэнар. У пачатку 1977 я паехаў у Мінск і знайшоў Караткевіча — у тым доме на Маркса, дзе цяпер ёсць мемарыяльная дошка.

Ён сустрэў мяне ў паношаным сінім спартыўным касцюме, мешкаватым на каленях. Сам быў падобны да схуднелага бегемота — і тварам, і гэтым абвіслым касцюмам, такое ў мяне было ўражанне, — але ўвогуле сімпатычны.

Караткевіч хуценька зацягнуў мяне ў кабінет і зашчапіў дзверы знутры — у яго быў на дзвярах такі самаробны драцяны кручок, якія бываюць на клетках з трусамі. Гаспадар сур’ёзна шэптам сказаў: «Нешта за сценкай шабуршыцца — жонка!» Затым адсунуў канапу і дастаў ледзь пачатую бутэльку зуброўкі. Мы выпілі па чарцы і селі працаваць: ён за друкаркай пры стале, а я на канапе, чытаў сцэнар.

Караткевіч, магчыма, завяршаў тады «Чорны замак Альшанскі» — такую выснову я для сябе зрабіў пасля, калі праз год­паўтара, ужо ў войску (таксама ў Беларусі), прачытаў гэты раман у часопісе «Маладосць».

Я яшчэ перад візітам паведаміў, проста з вулічнага тэлефона­аўтамата, што мяне цікавіць гэты сцэнар і я ўжо вось пад домам стаю. І Караткевіч тут жа мяне запрасіў зайсці. Можа, з майго боку гэта была авантура — так нахабна адарваць чалавека ад працы. Але Караткевіч не звярнуў на гэтую акалічнасць ніякай увагі і без цырымоній даў чытаць сцэнар: маўляў, глядзіце, ці гэта падыдзе вам.

У працэсе працы мы некалькі разоў вярталіся да зуброўкі — па­дзелавому, без асаблівых тостаў. І такім чынам былі скончаныя і бутэлька, і чытанне сцэнара. Я сказаў, што матэрыял нам падыходзіць. І тады Караткевіч (ізноў шэптам, без пафасу) сказаў тое, што сказаў:

«Я вельмі рады, што гэта вам падыходзіць, але не магу дазволіць, каб мой твор ішоў на сцэне рускага тэатра ў Магілёве, дзе мая бабуля калісьці вучылася ў беларускай гімназіі!»

Не магу сказаць, што гэты адказ мне не спадабаўся, хоць і давялося вяртацца ў Магілёў з пустымі рукамі.

* * *

Віталь Жажэра нар. 1953. Украінскі журналіст, тэатразнавец. Заслужаны журналіст Украіны. Жыве ў Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0