Падчас спецыяльнага рэйда «Фільтр» у Брэсце супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі за дзве гадзіны выявілі 38 парушэнняў правіл дарожнага руху. 

Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, рэйд праводзіўся 30 кастрычніка з 7 да 9 гадзін раніцы на адным з участкаў вуліцы Чырванасцяжнай. 

Супрацоўнікамі ДАІ былі выяўлены такія парушэнні ПДР, як кіраванне ў п'яным выглядзе, эксплуатацыя аўтамабіляў без дзяржаўнага тэхагляду і без страхавога поліса, парушэнне правіл перавозкі пасажыраў, адсутнасць правоў на кіраванне транспартным сродкам. У дачыненні да ўсіх парушальнікаў складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. 

У прыватнасці, як расказала Сахарчук, у межах рэйду была затрыманая жанчына-вадзіцель у нецвярозым стане. 35-гадовая мясцовая жыхарка кіравала аўтамабілем «Хундай». На пярэднім пасажырскім сядзенні знаходзілася жанчына, на заднім — не прышпіленыя рамянямі бяспекі чацвёра дзяцей, адзін з якіх сядзеў на руках у старэйшага дзіцяці. 

«Гэты аўтамабіль быў спынены супрацоўнікамі ДАІ за парушэнне правіл перавозкі пасажыраў. Затым з'явілася падазрэнне, што яго вадзіцель нецвярозая, — расказала Сахарчук. — Медыцынскі агляд выявіў, што канцэнтрацыя алкаголю ў парах выдыханага аўтамабілісткай паветра складае 0,68 праміле». 

Паводле слоў вадзіцеля, да гадзіны ночы 30 кастрычніка яна ўжывала піва, раніцай суседка з чатырма дзецьмі звярнулася да яе з просьбай падвезці. 

У дачыненні да аўтамабілісткі былі складзеныя пратаколы: за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення, за парушэнне правіл перавозкі пасажыраў і непраходжанне аўтамабілем дзяржаўнага тэхнічнага агляду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?