XXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Мінску з 7 па 14 лістапада. У 2014 годзе фестываль адзначыўся дзвюма асаблівасцямі.

Па-першае, афіцыйнае адкрыццё форуму (і паказ фільма адкрыцця) адбудзецца ў абноўленым кінатэатры «Масква», а не ў Палацы Рэспублікі, дзе раней традыцыйна пачынаўся фестываль. Па-другое, арганізатары вырашылі парадаваць грамадзян, якія пакутуюць ад культурнай бессані, і зладзіць для іх начныя кінапаказы пад назвай «Паўночныя страсці». Балазе, такія праекты, як «Ноч кіно» і «Кінаноч», даказалі, што фармат сеансаў пасля паўночы запатрабаваны ў мінскіх гледачоў.

Сеансы для паўночнікаў пройдуць у кінатэатры «Цэнтральны» 7, 8 і 14 лістапада. Сеансы будуць пачынацца каля паўночы і заканчвацца ў 6.00 (да ранішняга грамадскага транспарта). Каб гледачы не турбаваліся аб тым, як пасля бяссоннай ночы адправіцца на працу або вучобу, начныя паказы арганізаваныя ў ноч з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю. Пры гэтым не забывайцеся, што фільмы, якія ўвайшлі ў начную праграму «Лістапада», маюць ўзроставыя абмежаванні. Ды і час паказаў зусім не дзіцячы. За адну кінаноч будуць паказаныя тры фільмы з перапынкамі на паўгадзіны паміж імі. Гэта будуць хіты аўтарскага кінематографа ў самых розных жанрах. Можна набыць квіткі як на ўсе тры начныя сеансы, так і на кожны з іх паасобку. Кошт квітка на адзін фільм — Br50 тыс.

Праграма паказаў «Паўночных страсцей» у кінатэатры «Цэнтральны»

У ноч з 7 на 8 лістапада:

23.30 — ДВАЙНІК (Вялікабрытанія, 2013), рэжысёр Рычард Аёадзі

Фільм «Двайнік» — другая рэжысёрская праца Рычарда Аёадзі. Фільм зняты па матывах аповесці Фёдара Дастаеўскага «Двайнік». І першай рэплікай персанажа Ясмін Пэйдж у стужцы з'яўляецца «Ідыёт!», што наўпрост адсылае гледачоў да назвы рамана Фёдара Дастаеўскага. Здымкі праходзілі ў закінутым офісе на ўскраіне Лондана. Карціна атмасферная, з выразнымі дэталямі і адчуваннем абсурднасці усяго, што адбываецца.

У 1996 годзе па «Двайніку» Дастаеўскага хацеў зняць фільм Раман Паланскі. Галоўныя ролі ў фільме павінны былі выканаць Джон Траволта, Ізабэль Аджані і Жан Рэно. Здымкі павінны былі пачацца ў Парыжы, але за некалькі дзён да пачатку праекта Траволта пасварыўся з Паланскі з-за змен у сцэнары і пакінуў праект. Неўзабаве пасля гэтага праца над фільмам была спыненая.

Сюжэт: Сайман — сціплы рабацяга. На працы яго не заўважаюць, а дзяўчына мары ігнаруе. Здаецца, што так будзе працягвацца вечна, але аднойчы ў канторы з'яўляецца Джэймс, вонкава — двайнік Саймана, але па характары — яго поўная супрацьлегласць. Джэймс упэўнены, харызматычны плэйбой. Да жаху Саймана, Джэймс паволі пачынае забіраць яго жыццё.

01.30 — ДУРНАЯ СПРАВА НЯХІТРАЯ (Нарвегія, Швецыя, Данія, 2014 год), рэжысёр Ханс Петэр Моланд

«Чорная» камедыя на фоне беласнежных пейзажаў у пастаноўцы аднаго з лепшых рэжысёраў Нарвегіі Ханса Петэра Моланда, які з'яўляецца годным паслядоўнікам традыцый іранічна-брутальнага кінематографа братоў Коэнаў і Квенціна Таранціна.

Сюжэт: Працавіты Нілс кіруе плужным снегаачышчальнікам, які ачышчае дарогі і горныя праходы негасціннага абледзянелага ландшафту мясцовасці, дзе ён сам жыве. Зусім нядаўна ён быў прызнаны жыхаром года за свае намаганні, а цяпер атрымлівае вестку пра тое, што яго сын загінуў у выніку перадазіроўкі гераіну. Адмаўляючыся верыць у праўдзівасць афіцыйнай версіі смерці свайго сына, ён пачынае таемнае расследаванне з мэтай знайсці меркаваных забойцаў сына. Аднак далейшыя падзеі разгортваюцца самым непрадказальным чынам, і яму даводзіцца стаць таямнічым героем, які сее страх у злачынным свеце.

04.00 — ТЭАРЭМА ЗЕРО (Вялікабрытанія, Румынія, Францыя, ЗША, 2013), рэжысёр Тэры Гіліям

Тэры Гіліям апускае гледачоў у разважанні старэючага мужчыны пра сэнс жыцця. У фільме паказаны думкі пра смерць, сэксуальныя мары, хвіліны рэфлексіі. І па кожным з дадзеных пунктаў прадастаўляецца магчымасць шматузроўневай гутаркі.

Сюжэт: Камп'ютарны геній Коэн Лет б'ецца над невырашальнай тэарэмай. Дзякуючы касцюму для віртуальнай рэальнасці яму ўдаецца здзейсніць падарожжа ў схаваную прастору і даведацца таямніцу сваёй душы. Гэтую разгадку шукае не толькі ён сам, але і таямнічы Менеджмент, які кіруе ўсім светам праз усёбачную прыладу пад назвай ManCams.

У ноч з 8 на 9 лістапада:

23.40 — У НАСТУПНЫ РАЗ Я БУДУ ЦЭЛІЦЬ ПРОСТА Ў СЭРЦА (Францыя, 2014 год), рэжысёр Седрык Анжэ

Фестывальная прэм'ера паліцэйскага трылера «У наступны раз я буду цэліць проста ў сэрца» з Гіёмам Канэ у галоўнай ролі з'яўляецца прадметам асаблівага гонару «Лістапада».

Сюжэт: Ален Ламар — дысцыплінаваны паліцэйскі, якога шануе начальства. Ён вядзе расследаванне серыі злачынстваў, учыненых маньякам. Маньяк ўмела пазбягае пастак, якія расстаўляе паліцыя. Можа быць, гэта таму, што маньяк — малады, сціплы паліцэйскі, які вядзе ціхае жыццё і непрыкметны ў коле сваіх? Прынамсі, да таго часу, пакуль ён не губляе карту, дзе пазначаныя ўсе яго злачынныя прыгоды…

02.00 — НОВАЯ СЯБРОЎКА (Францыя, 2014 год), рэжысёр Франсуа Азон

Франсуа Азон лічыцца адным з самых прыкметных маладых рэжысёраў «новай хвалі» ў Францыі. Яго фільмы характарызуюцца вострай сатырай і свабоднымі поглядамі на чалавечую сэксуальнасць. Ён заваяваў міжнародную папулярнасць дзякуючы сваім карцінам «8 жанчын» і «Басейн». Праца «Новая сяброўка» мае ўзроставае абмежаванне, фільм рэкамендуецца глядзець асобам старэйшыя за 18 гадоў.

Сюжэт: Клэр перажывае смерць лепшай сяброўкі — яны былі неразлучныя з дзяцінства, дзялілі радасці і перажыванні малалецтва, адначасова выйшлі замуж. Забіты горам удавец прапануе Клэр дасціпны спосаб выбрацца з дэпрэсіі… Праз некаторы час Клэр пачынае здагадвацца аб тым, што муж яе загінулай сяброўкі сёе-тое хавае. Яна разумее, што мужчына на працягу многіх гадоў хаваў гэтую таямніцу не толькі ад навакольных, але нават ад сваёй жонкі. Нягледзячы на тое, што яе сяброўка загінула, Клэр ставіць перад сабой задачу аказаць ёй апошнюю паслугу. Яна павінна, нягледзячы ні на што, вывесці на чыстую ваду дзіўнага ўдаўца. Можа быць, тое, што даведаецца дзяўчына, дапаможа ёй зноў здабыць сэнс жыцця?

04.30 — МУЖЧЫНА, ЯКОГА ЗАНАДТА МОЦНА КАХАЛІ (Францыя, 2014 год), рэжысёр Андрэ Цешынэ

Сюжэт: Ніца, 1976 год. Пасля няўдалага шлюбу Агнэс Ле Ру вяртаецца з Афрыкі да маці — уладальніцы Казіно Лё Пале. Маладая дзяўчына закохваецца ў прыгажуна-юрыста Марыса Анеле, які з'яўляецца павераным ў справах маці. Будучы адным з акцыянераў Казіно, Агнэс хоча прадаць сваю спадчынную долю, каб стаць незалежнай, але яе маці упарта адмаўляецца. Са сховішча казіно знікаюць усе грошы. За ўсім гэтым стаіць Фратані — вёрткі гаспадар канкуруючага казіно, які спрабуе прыбраць да рук Лё Пале. У самы разгар гэтага канфлікту Марыс пераходзіць на бок суперніка і знаёміць Агнэс з Фратані, які прапануе ёй 3 млн франкаў за тое, каб яна прагаласавала супраць сваёй маці. Агнэс згаджаецца, але потым шкадуе аб сваёй здрадзе, а Марыс пакідае яе. Пасля спробы самагубства ў кастрычніку 1977 дзяўчына знікае. Яе цела так і не будзе знойдзена. Праз трыццаць гадоў Марыс Анеле ўсё яшчэ застаецца галоўным падазраваным у гэтым злачынстве.

У ноч з 14 на 15 лістапада:

00.00 - ДЗЯЎЧЫНА НОЧЧУ ГУЛЯЕ АДНА (Іран, ЗША, 2014), рэжысёр і сцэнарыст Ана Лілі Амірпур

Слоган фільма абвяшчае: першы іранскі вестэрн пра вампіраў. У сваім рэжысёрскім дэбюце Ана Лілі Амірпур дэманструе зусім нетыповы погляд на вампірскую гісторыю. Фільм адыходзіць ад жанру стандартнай маладзёжнай «страшылкі», у ім злучаюцца хорар, pulp, графічная навэла і сюррэалізм у духу Лінча. Да фільма ў Іране ўжо выпушчаны комікс-прыквел.

Сюжэт: Падзеі разгортваюцца ў выдуманым іранскім горадзе Бэд Сіці, поўным прастытуцыі і злачынстваў, смерці і адзіноты. Тут жывуць вампіры, прастытуткі, наркаманы, сутэнёры, ліхвяры і, вядома ж, уласны іранскі Джэймс Дын.

02.00 — ЦАРСТВА ПРЫГАЖОСЦІ (Канада, 2014 год), рэжысёр Дэні Аркан

Сюжэт: Люк — бліскучы малады архітэктар, чый талент яшчэ не прызналі. Ён мяркуе, што ў яго ідэальнае жыццё. У Люка шыкоўны дом, які знаходзіцца ў маляўнічай мясцовасці, жонка, якая валодае неверагоднай прыгажосцю і працуе спартовым інструктарам, і адданыя сябры, якія падзяляюць яго захапленні — паляванне, катанне на лыжах і многае іншае. Але аднойчы на сімпозіуме архітэктараў у Таронта ён сустракае таямнічую дзяўчыну па імі Ліндсэй, якая зменіць яго жыццё…

04.00 — ДОМ РАСПУСТЫ (Францыя, 2011 год), рэжысёр Бертран Банэло

Сюжэт: Пачатак ХХ стагоддзя. Парыжскі публічны дом дажывае апошнія дні. Доўгі шнар на твары адной з прастытутак — нібы трагічная ўсмешка. У гэтым адгароджаным сценамі закрытым свеце, нябачным з боку, адбываецца цэлае жыццё: мужчыны закохваюцца ці ненавідзяць, а жанчыны дзеляць радасці, смуткі, страхі і сакрэты…

***

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця «Лістапада» ў 2014 годзе пройдуць у зале кінатэатра «Масква». Рэалізаваны будзе абмежаваны лік квіткоў па цане Br100 тыс. Асноўнымі пляцоўкамі для паказаў стануць: «Масква», «Цэнтральны», «Перамога», «Піянер», «Мір» і Дом кіно. Стужкі, якія ўвайшлі ў асноўны конкурс ігравога кіно «Лістапада», па традыцыі пакажуць у кінатэатры «Цэнтральны», кошт квітка — да Br40 тыс. Фільмы — удзельнікі асноўнага конкурсу неігравога кіно можна ўбачыць у кінатэатры «Мір», кошт квітка — да Br15 тыс. Самыя танныя квіткі — Br5 тыс. — на дзённыя сеансы ў кінатэатры «Піянер», дзе пройдуць паказы, разлічаныя на дзіцяча-юнацкую аўдыторыю. Фільм адкрыцця «Я не вярнуся» з 13 лістапада будзе ў пракаце. Праз тыдзень пасля фестываля самыя цікавыя карціны будуць паказаныя ў кінатэатры «Перамога». Прыемнага прагляду!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?