У сталіцы краіны Уагадугу працягваюцца масавыя антыпрэзідэнцкія пратэсты. Прэзідэнт Буркіна-Фасо Блэз Кампаарэ абвясціў у краіне надзвычайнае становішча ды распусціў урад, каб пратэсты спыніць.

Блэз Кампаарэ займае пасаду прэзідэнта 27 гадоў запар.

Агрэсіўныя пратэстоўцы падпалілі будынак парламента ды іншых урадавых устаноў, каб прымусіць дэпутатаў не ўносіць змены ў канстытуцыю, якія дазволілі б прэзідэнту балатавацца на выбарах у наступным годзе.

Пратэстоўцы сабраліся на цэнтральнай плошчы ва Уагадугу, патрабуючы неадкладнай адстаўкі прэзідэнта Кампаарэ. Вайскоўцы адкрылі агонь па дэманстрантах, што пачалі штурмаваць парламент. Загінуў адзін чалавек.

Дзясяткі салдат далучыліся да пратэстоўцаў, у тым ліку былы міністр абароны, генерал Куамі Лог. Пратэстоўцы патрабуюць, каб ён заняў пасаду прэзідэнта. Гэта адзін з самых сур'ёзных пратэстаў супраць праўлення Кампаарэ.

«Надзвычайнае становішча аб'яўлена па ўсёй тэрыторыі краіны. Кіраўнік узброеных сіл адказвае за выкананне гэтага рашэння», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта.

«Я распускаю ўрад сёння, каб стварыць умовы для змен. Я заклікаю лідараў палітычнай апазіцыі спыніць пратэсты. Я абяцаю з гэтага часу пачаць перамовы з усімі ўдзельнікамі, каб спыніць крызіс», — гаворыцца ў звароце прэзідэнта.

Апазіцыя заклікала да кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і запатрабавала, каб прэзідэнт не ўдзельнічаў у выбарах у наступным годзе.

«30 кастрычніка ў Буркіна-Фасо Чорная вясна, як Арабская вясна», — сказаў актывіст апазіцыі Эміль Парг Парэ агенцтву AFP.

Галоўны аэрапорт зараз зачынены. Раней праз Twitter прэзідэнт Кампаарэ заклікаў захоўваць спакой.

Блэз Кампаарэ прыйшоў да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту ў 1987 годзе, і з таго часу чатыры разы выйграў выбары.

Кампаарэ з'яўляецца саюзнікам ЗША і Францыі, якія выкарыстоўваюць Буркіна-Фасо як базу для ваенных аперацый супраць ісламістаў у рэгіёне Сахеля.

І Францыя, і Еўрапейскі саюз раней заклікалі яго адмовіцца ад прапанаванай папраўкі да канстытуцыі. ЗША таксама выказалі заклапочанасць адносна канстытуцыйных зменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?