З'яўленне анекдота пра згвалчванне порназоркі на сайце «НН» было для мяне дзіўным. Не менш дзіўным стаў працяг — абмусольванне і абсмоктванне тэмы.

Я не лепшы адвакат заходняй паліткарэктнасці, аднак гэтага ўсяго проста не мусіла быць. Так, сама навіна аб згвалчванні — гэта здарэнне, інфанагода. Аднак калі працягваць яго, дык у абсалютна іншы бок, у бок раскрыцця праблемы гвалту. На жаль, развіўся ён у бок недарэчных жартаў з пацярпелай і артыкула Змітра Міцкевіча, што гэта нармальна.

Гэта не нармальна.

Пры гэтым я не адмаўляю, што смяяцца можна з усяго. Насамрэч можна. Але не ўсім. Смяяцца з усяго можа трыкстар. Блазан. Гэта надзвычай важны персанаж у культуры, гэта архетып. Блазан надзелены ўладаю праз смех абсалютна з усяго паказаць грамадству яго заганы. Таму на сцэну выпускалі Джорджа Карліна, таму і выходзіць мультсерыял «Саус Парк».

Мы яшчэ жывём у грамадстве, дзе грамадская мараль асуджае гвалт. І ў рамках падпарадкавання гэтай маралі «НН» не мусіла публікаваць такі анекдот, як і не мусіць публікаваць анекдотаў пра генацыд, расісцкія анекдоты і інш. Такія анекдоты жывуць у грамадстве, і гэта прымальна. Але СМІ з'яўляецца фільтрам, які прапускае рэчы з хаатычнага плавільнага катла паўсядзённасці ў прастору публічную, падпарадкаваную грамадскай маралі.

А беручы на сябе ролю блазна, СМІ тым не менш не перастае ўспрымацца як СМІ, як пэўны якасны фільтр. І пасыл, які транслюецца ў дадзеным выпадку, маўляў, гвалтаваць жанчыну можна, асабліва калі яна порназорка, асабліва калі яна з Расіі.

Што тычыцца тэкста Змітра Міцкевіча, любы адукаваны чалавек мусіць закрыць яго роўна на трэцім абзацы. Таму што сп. Міцкевіч прыбягае да старога як свет дэмагагічнага прыёма ad personam — пераходзіць на асобу жанчыны, асуджае род яе заняткаў замест абмеркавання факта гвалту супраць чалавека і рэакцыі на гэты факт.

Я хачу таксама нагадаць, што мараль развіваецца, а чалавечая сэксуальнасць — адна з самых рухомых і прагрэсіўных яе элементаў. Калі яшчэ 150 гадоў таму хіба што адзінай нормай быў гетэрасэксуальны сэкс у місіянерскай пазыцыі, дык сёння сэксалогія кажа пра норму гомасэксуальнай арыентацыі, пераходзе грамадстваў да паслядоўнай манагаміі і далейшай дыверсіфікацыі гэтай сферы міжчалавечых адносін. А прастытуцыя і порнаіндустрыя легалізаваны ў многіх надзвычай развітых дзяржавах. Таму вініць кагосьці ў сэксе за грошы ў сучасным грамадстве — моветон.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру