Авіякампанія «Белавія» прыняла рашэнне аб правядзенні рэбрэндынгу. 

У чэрвені 2014 года «Белавія» і карпарацыя Boeing (ЗША) падпісалі пагадненне аб першай куплі трох новых самалётаў Boeing 737-800 Next-Generation з завода-вытворцы. Чакаецца, што гэтыя самалёты папоўняць флот авіякампаніі на год раней за дамоўны тэрмін — у пачатку 2016 года. 

Як паведаміла прэс-служба беларускай авіякампаніі, Boeing прапанаваў дадатковую опцыю — садзейнічанне ў правядзенні рэбрэндынгу «Белавія». Прапанова зацікавіла кіраўніцтва беларускага авіяперавозчыка: з чэрвеня 2014 года спецыялісты авіякампаніі вядуць працу па падрыхтоўцы да рэбрэндынгу «ў цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі Boeing». 

Паведамляецца таксама, што кіраўніцтва і супрацоўнікі авіякампаніі з цікавасцю ўспрынялі праект рэбрэндынгу «Белавія», прапанаваны ў інтэрнэце беларускім дызайнерам Ільём Андрэевым. «Белавія» азнаёміла спецыялістаў Boeing з гэтым праектам. У выніку было прынятае рашэнне запрасіць Андрэева да ўдзелу ў сустрэчы рабочай групы авіякампаніі са спецыялістамі Boeing, якая пройдзе ў Мінску 19—20 лістапада. 

«Пытанне рэбрэндынгу ў нас узнімаецца ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ніколі мы не былі так блізка да рэалізацыі праекта. Дзякуй нашым партнёраў за прапанову. Мы вельмі цэнім дапамогу Boeing у гэтым пытанні і спадзяемся, што ў нас атрымаецца ўсё рэалізаваць, тым больш рэальная праца ўжо ідзе поўным ходам», — падзяліўся генеральны дырэктар ААТ «Авіякампанія «Белавія» Анатоль Гусараў. 

Карпарацыя The Boeing Company заснаваная ў 1916 годзе. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Чыкага (штат Ілінойс, ЗША). Выпускае шырокі спектр грамадзянскай і ваеннай авіяцыйнай тэхнікі, з'яўляючыся нароўні з Airbus найбуйнейшым вытворцам самалётаў у свеце. Акрамя гэтага, Boeing выпускае шырокі спектр авіяцыйна-касмічнай тэхнікі ваеннага прызначэння (у тым ліку верталёты), вядзе шырокамаштабныя касмічныя праграмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?