2 лістапада ў Менску мае быць чарговы XII зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Напярэдадні падзеі інтэрвію «Радыё Свабода» даў старшыня гэтай грамадзкай арганізацыі, знаны гісторык і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў.

— Спадар Алег, Таварыства беларускай мовы ўтварылася 25 гадоў таму, яшчэ ў часы СССР. Як мяняліся за гэты пэрыяд мэты і роля арганізацыі ў жыцьці грамадзтва і краіны?

— Глябальныя мэты не мяняліся. Яны як былі, так і застаюцца — зрабіць нашу беларускую мову мовай асноўнай, мовай дзяржаўнай, і каб на ёй размаўляла большасьць насельніцтва краіны. Так што мэты глябальныя, сфармаваныя ў далёкім 1989 годзе, не зьмяніліся. Мяняліся формы змаганьня за гэтыя мэты.

— Да чарговага зьезду ТБМ падыходзіць шасьцітысячнымі шэрагамі сваіх сяброў. Гэта прыкладна кожны тысячны дарослы жыхар краіны. Ці адлюстроўваюць, на вашу думку, такія лічбы рэальную колькасьць карыстальнікаў мовы тытульнай нацыі Беларусі?

— У нейкай ступені адлюстроўваюць. Улічваючы тое, што за гэтыя 25 гадоў мы перайшлі ад карыстальнікаў мовы такіх прыроджаных, у асноўным вясковых людзей, савецкіх, якія размаўлялі на гэтай мове, бо ня ведалі расейскай. І калі яны траплялі ў горад ці савецкае войска, то стараліся як мага хутчэй ад гэтай мовы пазбавіцца. А беларускіх патрыётаў на пачатку стварэньня ТБМ у краіне было няшмат. Цяпер іх болей. Ну, і насельніцтва памянялася. Вёска фактычна за гэтыя 25 гадоў вымірае, насельніцтва ў гарадах павялічваецца, і цяпер самыя актыўныя носьбіты мовы, патрыёты ня ў вёсках жывуць, а ў Менску ды іншых вялікіх гарадах.За 25 гадоў адбыліся кардынальныя зьмены і ў сьвеце, і ў краіне, адпаведна і ў ТБМ.

— І тым ня менш раз-пораз раздаюцца роспачныя галасы пра тое, што беларуская мова зьнікае…

— Ведаеце, тыя людзі, якія вось так кажуць, яны не выконваюць свае асноўныя функцыі да канца. Бо той чалавек, які ўвесь час у любой сытуацыі размаўляе па-беларуску, заахвочвае да гэтага іншых людзей і ніколі не нападае на тых, хто не гаворыць на мове, не папракае іх, ня лае, — заўжды перамагае. А гэтыя людзі — ныцікі, як я іх называю, — ад іх шкоды многа, а карысьці ад іх ніякай няма. Гэта той самы анэкдот пра беларуса: адпомсьціў уладам — купіў квіток і не паехаў. Так што я да гэтых людзей стаўлюся вельмі адмоўна.

Вылучацца я буду, але калі мяне абяруць, то гэта будзе апошні мой тэрмін

— Апошнім часам некаторыя высокапастаўленыя ўрадоўцы загаварылі пра тое, што пагроза страты беларускай мовы нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны. У гэтых словах ускосна прызнаецца рэальная пагроза зьнікненьня і нацыянальнай мовы, і дзяржаўнай незалежнасьці. Чаго, па-вашаму, у іх больш: дзяржаўнага клопату пра мову як нацыянальны скарб — ці страху ператварыцца зь першых асобаў незалежнай Беларусі ў шараговых службоўцаў Расеі?

— Ёсьць і тое, і другое. Але апошняе, на маю думку, пераважае.

— Дык, па-вашаму, гэтыя заявы няшчырыя?

— Яны шчырыя ў той ступені, у якой шчырая ўся іхняя палітыка за гэтыя 25 гадоў.

— З чвэрці стагодзьдзя дзейнасьці ТБМ 15 апошніх гадоў вы нязьменна ў ёй старшынюеце. Якія зробленыя за гэты час справы найбольш усьцешваюць вас?

— Я вось нядаўна выступаў перад афіцэрамі МУС. Іх было ў залі мо некалькі сотняў. І ўсе яны вельмі шчыра віталі мой выступ і казалі ў кулюарах, што так, бяз мовы нічога ня будзе. Гэтае разуменьне ўжо дайшло да чыноўнікаў, да вайскоўцаў, да супрацоўнікаў розных структур. А гэтыя афіцэры — дзеці незалежнасьці. Ім па 30–35 гадоў. Вось фактар незалежнасьці. Так што самае галоўнае — што мы, па-першае, стварылі і захавалі незалежнасьць за гэтыя 25 гадоў, і мова ў канцы гэтага тэрміну становіцца такім важным фактарам, які прызналі нават кіраўнікі краіны, якія на пачатку свайго кіраваньня казалі, што на гэтай мове нічога сур’ёзнага нельга стварыць.

— Ці будзеце вылучацца на новы трохгадовы тэрмін?

— Такая прапанова ёсьць, і таму вылучацца я буду, але калі мяне абяруць, то гэта будзе апошні мой тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?