Амерыканскі канатаходзец і акрабат Нік Валенда на вачах у тысячаў людзей прайшоў па тросе, нацягнутым паміж хмарачосамі ў Чыкага. Частку маршруту ён пераадолеў без страхоўкі з завязанымі вачыма.

35-гадовы гімнаст, чые трукі ўжо шэсць разоў заносіліся ў Кнігу рэкордаў Гінеса, спачатку прайшоў па тросе, які злучае дзве вежы на розных берагах ракі (яна, як і горад, называецца Чыкага).

Другая частка шляху была карацейшая — трос паміж вежамі комплексу будынкаў «Марына-сіці» на паўночным беразе ракі Чыкага. Тут Валенда надзеў на вочы павязку і адмовіўся ад страхоўкі.

Над ракой ён прайшоў за 6 хвілін 52 секунды. Пры гэтым канатаходзец знаходзіўся на вышыні звыш 150 метраў, вытрымліваючы парывы ветру да 40 км/г. Трос быў нацягнуты пад нахілам у 17 градусаў.

Адлегласць паміж вежамі «Марына-сіці» Валенда пераадолеў за адну хвіліну 17 секунд.

Трукі трансляваліся ў прамым эфіры тэлебачання з 10-секунднай затрымкай — на выпадак, калі нешта пойдзе не так.

На зямлі Валенду — гімнаста ў сёмым пакаленні — віталі тысячы людзей.

На прэс-канферэнцыі ён адказваў на пытанні журналістаў, не здымаючы павязкі з вачэй.

Першыя крокі па канаце гімнаст зрабіў ва ўзросце двух гадоў. У 2013 годзе ён перасёк Вялікі каньён па тросе, нацягнутым на вышыні больш за 450 метраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?