1 лістапада ў мінскім клубе «Дазары» прайшла тэматычная вечарына «Рускім быць модна». На 2 і 3 лістапада намечанае мерапрыемства пад назвай Russian night (Руская ноч). На афішы намаляваны Пуцін, аўтамат Калашнікава, матрошкі і Крэмль.

На сайце «Дазары» напісана: «Эх, душа руская! На прасторах Dozari сёння зможа разгуляцца сапраўды патрыёт рускага каларыту: матрошкі будуць нясціпла пасміхацца, а запацелая чарка ды пад балалайку прыхарашыць асеннюю ноч. Калі ўнутры вас жыве агеньчык неўтаймоўнай рускай весялосці, сапраўднага гарэзнага вісуса і гулякі — запрагайце санкі, народ, ды імчыцеся ў Dozari, дзе рускім быць модна!»

Мы патэлефанавалі ў клуб «Дазары», дзе нам паведамілі, што за вечарыну адказваў арт-дырэктар установы Аляксандр «Саўнд» Кроітар (на фота ніжэй). Мы патэлефанавалі яму, каб даведацца, у чым быў сэнс гэтага мерапрыемства.

«Аляксандр, добры дзень. З газеты «Наша Ніва» вас турбуюць. Ці не маглі б вы пракаментаваць вечарыны «Рускім быць модна» і «Руская ноч» у клубе «Дазары»? Яны выклікаюць неадназначную рэакцыю ў грамадстве».

«Я ни слово не понял из того, что вы мне сказали».

«Вы не разумееце дзяржаўную мову Рэспублікі Беларусь?»

«Я русский, из Сибири».

«Але ж Вы знаходзіцеся на тэрыторыі Беларусі».

«Какая разница, где я нахожусь», — адказаў Аляксандр.

Пасля яшчэ колькіх фраз перапытваюся гэта ж самае толькі па-руску. Арт-дырэктар папытаўся, у чым неадназначнасць вечарыны.

«Ведаеце, не на кожнай афішы ёсць Пуцін і аўтамат Калашнікава».

«Я ўстрымаюся ад каментароў».

«А вечарыну «Беларусам быць модна» вы будзеце праводзіць?»

На гэтым спадар Кроітар паклаў слухаўку. Спробы дазваніцца да арт-дырэктара «Дозары» яшчэ раз плёну не мелі, ён проста не адказваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?