У раёне вёскі Ждановічы Мінскага раёна паўстане комплекс будынкаў клінічнага медцэнтра. Яго маюць збудаваць за 2014—2017 гады. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 лістапада.
Заказчыкам праектавання і будаўніцтва комплексу будзе КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама», генеральнай праектнай арганізацыяй — РУП «Інстытут «Белдзяржпраект», генеральнай падраднай арганізацыяй — ААТ «Будтрэст №1».
Будаўніцтва прафінансуюць за кошт рэспубліканскага бюджэту і бюджэту горада Мінска.
Новы медыцынскі аб'ект будзе прызначацца не для жыхароў Ждановіцкага сельсавета, гэта будзе новая лечкамісія для Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. Яе тэндарны кошт — каля 120 мільёнаў даляраў.
Дарэчы, у саміх Ждановічах, пасёлку-спадарожніку Мінска, на сёння працуе толькі маленькая амбулаторыя, дзе практычна няма дактароў-спецыялістаў, прытым, што насельніцтва вёскі і навакольных пунктаў імкліва расце.





