Адна з афішак да Рускага маршу ў Маскве.
Палкоўнік расійскіх спецслужбаў Ігар Гіркін адмовіўся ўзяць узяць у Рускім маршы ў Маскве. Дэманстрацыя нацыяналістаў пад такой назвай штогод адбываецца ў лістападзе, каля Расія адзначае дзень вызвалення Масквы ад польска-беларускіх войскаў у XVII стагоддзі.
«Я буду ўсяляк пазбягаць удзелу ў мерапрыемствах, якія могуць быць скіраваны на падтрымку дзяржаўнага перавароту, — цытуюць Стралкова расійскія сайты. — Арганізатары маршу, мяркуючы па ўсім, не захацелі зацугляць свае палітычныя амбіцыі і замест падтрымкі Наваросіі працягвалі займацца звычайнай фігнёй», — заявіў Стралкоў.
«Дзяржаўным пераваротам» расійская прапаганда называе адхіленне ад улады карумпаванага рэжыму Януковіча, якога падтрымлівалі расійскія спецслужбы. Адміністрацыя Пуціна баіцца аналагічных падзей у Расіі, дзе ўладу таксама нязменна трымае групоўка выхадцаў са спецслужбаў, што зраслася з алігархічным капіталам.
4 лістапада ў Расіі — нацыянальнае свята, выхадны дзень. У пачатку лістапада 1612 года расійскае апалчэнне на чале з Мініным і Пажарскім асадзіла Крэмль, у якім знаходзіўся польска-беларускі гарнізон, і прымусіла яго капітуляваць.
Гіркін, вядомы пад мянушкай Стралкоў, узначаліў расійскі штурмавы атрад, які захапіў украінскі горад Славянск у красавіку 2014 года. Гэта быў сігнал для прарасійскіх мяцежнікаў Данбаса, з якога пачалася крывавая вайна, што забрала жыцці больш як 4000 чалавек з абодвух бакоў.
Пасля падзей у Данбасе Гіркін (Стралкоў) стаў кумірам расійскіх нацыяналістаў. Баючыся росту яго папулярнасці, Крэмль адхіліў яго ад кіраўніцтва баевікамі Данбаса, замяніў на электрыка Захарчанку, які і стаў часовым кіраўніком ДНР.





