Кампанія Google дала Беларусі доступ да анлайн-сэрвіса Play Music, які дазваляе купляць і легальна слухаць больш за 20 мільёнаў песень на камп’ютэрах і смартфонах.

Песні ў Play Music можна слухаць анлайн альбо запампоўваць праз адмысловую праграму Play Music для праслухоўвання без інтэрнэту. Сэрвіс умее падказваць слухачу цікавыя трэкі, грунтуючыся на яго густах, і дазваляе ствараць «радыёстанцыі» з песень, падобных да абранай кампазіцыі.

Усім карыстальнікам даецца 30 дзён бясплатнага доступу да ўсіх песень на сэрвісе. Пасля прапануецца аформіць падпіску, якая каштуе 3,99 даляры на месяц (пазней з’явяцца цэны ў беларускіх рублях) альбо купляць песні і альбомы за асобную плату. Песня каштуе ад 10 цэнтаў, альбом — некалькі даляраў.

Канкурэнты Google Music, iTunes ад Apple i Xbox Music ад Microsoft, утрымліваюць адпаведна 37 і 38 млн кампазіцый.

Першы даступны беларусам са снежня 2012 года, другі ўсё яшчэ не даступны ні Беларусі, ні суседнім краінам. На iTunes песні каштуюць у сярэднем даражэй, ніж у Play Music: ад 70 цэнтаў да 1,3 даляра. Расійскі сервіс «Яндэкс.Музыка» ўтрымлівае 17 млн трэкаў (як расійскіх, так і замежных выканаўцаў), даступных для бясплатнага легальнага праслухоўвання анлайн.

Летам 2014 года Беларусь атрымала доступ да іншага сэрвіса Google — Play Movies, які дазваляе купляць альбо арандаваць фільмы і серыялы.

На сакавік 2014 года каля 61% тэлефонаў беларусаў з’яўляліся смартфонамі. Каля 90% рынку смартфонаў Беларусі ў грашовым выражэнні належыць смартфонам на аперацыйнай сістэме Android.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?