Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны. Пра гэта стала вядома 4 лістапада ад яго маці Вольгі Груновай, піша spring96.org.

Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка «да запатрабавання». У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.

Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.

Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 23-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду, - 54-гадовага Эдуарда Лыкава.

***

Аляксандр Груноў прызнаны вінаватым у забойцу гомельскай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай.

Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года - ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіццё сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той сканаў.

Першы смяротны прысуд Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прысуд і накіраваў справу на новы судовы разгляд у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прысуд Грунову. У красавіку гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0