У беларускае заканадаўства плануецца ўвесці механізм крымінальна-прававой кампенсацыі. Гэта прадугледжана папраўкамі ў шэраг кодэксаў, якія сёння былі прынятыя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні.
Паводле слоў генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, кампенсацыя з'яўляецца мерай матэрыяльнага характару, якая будзе прымяняцца з мэтай стымулявання асоб, якія ўчынілі няцяжкія злачынствы, да добраахвотнага загладжвання віны перад грамадствам.
У адпаведнасці з законапраектам, гэтая мера можа быць прымененая як адна з умоў асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання або вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем.
Канюк зазначыў, што механізм крымінальна-прававой кампенсацыі скіраваны на павышэнне эфектыўнасці ўжо існуючых у Крымінальным кодэксе механізмаў, што дазваляла б не прымяняць да асоб, якія раскаяліся, пакаранне, звязанае з ізаляцыяй ад грамадства.
Пры гэтым Генпракурор паведаміў, што сродкі, якія могуць быць прыцягнутыя ў выніку прымянення механізму крымінальна-прававой кампенсацыі, могуць скласці да 1,5 млрд рублёў за год.
Канюк таксама мяркуе, што ў Беларусі неабходна стварыць фонд для кампенсацыі ўрону пацярпелым ад злачынстваў. Паводле яго слоў, адной з крыніцаў папаўнення рахунку такога фонду маглі б стаць паступленні ад крымінальна-прававых кампенсацый.





