У ДУ «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў» у Мінску адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання, паведаміла дырэктар установы Вера Ляйкоўская на прэс-канферэнцыі 4 лістапада.

«Ужо распрацаваныя ўсе нарматыўныя дакументы па дзённым знаходжанні грамадзян, і мы гатовыя прымаць іх», — сказала яна.

Аддзяленне будзе працаваць толькі ў будныя дні. Кошт знаходжання ў ім складае прыблізна 2,5 млн рублёў у месяц і ўключае харчаванне, медыцынскае абслугоўванне, сацыяльны догляд і арганізацыю вольнага часу. 

Першапачаткова аддзяленне разлічанае на 15 чалавек, але, паводле слоў дырэктара інтэрната, пры неабходнасці яно можа быць пашыранае. 

«Я мяркую, што сёння форма дзённага знаходжання дазваляе сваякам вырашыць многія свае праблемы. Яны не аддаюць сваіх маці і бацьку ў дом-інтэрнат, але ў той жа час у іх ёсць магчымасць працягваць сваю працоўную дзейнасць і а восьмай раніцы прывезці сюды маці ці бацьку, а ў 18.00, як у дзіцячым садку, забраць дадому», — сказала Ляйкоўская.

Яна выказала надзею, што гэтая форма знаходжання ў інтэрнаце будзе запатрабаванай. «Размаўляючы са сваякамі, я бачу, што многія адчуваюць сябе псіхалагічна некамфортна з-за таго, што яны павінны працаваць, утрымліваць сваю сям'ю і вымушаныя аддаць сваіх маці ці бацьку ў дом-інтэрнат», — зазначыла дырэктар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?