Галасы ў галаве шэпчуць, просяць. Нацягваюць павадок.
Угаворваюць не ісці далей. Хорам. Хорам.
Божа. Гэты пад’езд пахне як мой дзіцячы садок 
Кухняй, анучкамі, гнілой капустай і хлорам.
Ах, як ахвотна яны выпаўзаюць з глыбінь.
Што ж. Па-праўдзе сказаць — інакш і быць не магло бы.
Вось наш клас. Тэлевізар у цэнтры. Тыпу «Рубін».
Нас пасадзілі вакол. Мы слухаем голас Глобы
З глыбіні дынаміка, нібы з вяршыні крыжа.
Па камандзе ўдых. Пасля выдыхаем самі.
Няня рэзаніруе. Губы яе дрыжаць
Вочы прыкрыты сальнымі валасамі.
Голас шэпча і просіць. Я памятаю: невыразны й вадкі. 
Без пачатку і краю. Спі. Стамлёны і сонны.
Словы зніклі. Галасы нацягваюць павадкі.
Я іх чую. І веру ім. Асабліва сёння.
Я думаю пра свой дзень. Дзень не мінае ніяк.
Хаця і прайшоў з небывалым плёнам.
Я скачаў з дывановай шэрсці вялікі такі камяк
Даведаўся, што жаўток у яйку бывае цёмна-зялёным.
Жаўток. Такая сытасць любой у свеце сыцей,
Запаўняе ўсяго знутры і застрае у горле:
Я ўсё яшчэ баюся выхавацельніцу, няню. І ненавіджу дзяцей.
Дні, тыдні, гады, — вы чуеце? Яны нічога не сцёрлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0