На базе Гомельскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы 5 лістапада пройдуць абласныя паказальныя трэніровачныя вучэнні па аказанні медыцынскай дапамогі і правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў у выпадку выяўлення асоб з сімптомамі ліхаманкі Эбола.
Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама, у вучэннях будуць задзейнічаны некаторыя медыцынскія ўстановы Гомеля. Мэтай мерапрыемства з'яўляецца адпрацоўка ўзаемадзеяння паміж рознымі звёнамі аховы здароўя, зацікаўленымі службамі і ведамствамі пры выяўленні хворых з падазрэннем на ліхаманку Эбола, ацэнка рэальнай гатоўнасці медыцынскай службы і ведамстваў да правядзення мерапрыемстваў па ліквідацыі эпідэміялагічных наступстваў завозу віруса.
На вучэнні запрошаны прадстаўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, Гомельскага пагранічнага атрада, Гомельскай мытні, упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, спецыялісты лячэбна-прафілактычных арганізацый і тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі Гомельскай вобласці.





