Беларусь разлічвае на далейшую нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам, заявіў 4 лістапада на пленарным пасяджэнні Х Беларуска-літоўскага эканамічнага форуму ў Магілёве прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. 

Ён падкрэсліў, што з Еўрапейскім саюзам выбудаваны даволі актыўны дыялог і ёсць шэраг пазітыўных рашэнняў з боку Бруселя. 

«Мы спадзяёмся, што наступным крокам стане адмена абмежаванняў на перамяшчэнне капіталу, і гэта будзе лагічным рашэннем, — сказаў Мясніковіч. — Мы гэта пытанне агаварылі і на беларуска-амерыканскім інвестыцыйным форуме, які нядаўна правялі ў Нью-Ёрку. Ёсць разуменне таго, што трэба ісці па шляху зняцця ўсіх абмежаванняў у працы з беларускімі фінансавымі — і не толькі — арганізацыямі». 

Паводле слоў прэм'ер-міністра, ёсць усе падставы меркаваць, што еўрапейскія партнёры зразумелі бесперспектыўнасць палітыкі санкцый і ўльтыматумаў. 

Пры гэтым Мясніковіч адзначыў, што поспех беларуска-літоўскага супрацоўніцтва шмат у чым вызначаецца нармалізацыяй беларуска-еўрапейскіх адносін. «Мы разглядаем пытанні беларуска-літоўскіх адносін у тым ліку праз пашырэнне супрацоўніцтва з аб'яднанай Еўропай», — сказаў ён. 

Нагадаем, 30 кастрычніка Савет ЕС прадоўжыў тэрмін дзеяння абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2015 года ў сувязі з тым, што «палітзняволеныя дагэтуль не вызваленыя, а паляпшэнняў у сферы павагі правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца». У той жа час з санкацыйнага спісу былі выключаны 24 фізічныя асобы і сем прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?