Інтэрнэт-манапаліст «Белтэлекам» прызнаўся ў тым, пра тое, што карыстальнікі здагадваліся, а некаторыя, можа, і дакладна ведалі, ужо год. Пошукавік Google перастаў стабільна працаваць з-за ўвядзення сістэмы NAT. Чаму гэтая праблема ўзнікла менавіта ў Беларусі?

Яшчэ год таму «Белтэлекам» сцвярджаў, што праблема звязаная не з імі, а з самім google.

«Вынікі аналізу сведчаць, што праблема не звязаная з функцыянаваннем NAT. Спыненне доступу да сэрвісаў Google з асобных інтэрвалаў IP-адрасоў было звязанае з палітыкай бяспекі кампаніі Google у дачыненні да спам-рассылак», — заявілі ў «Белтэлекаме» і дадалі, што праблема вырашаная.

Але ў карыстальнікаў праблема засталася. Толькі праз год яе прызнала кіраўніцтва кампаніі ў артыкуле выдання «Веснік сувязі».

«Аператары перадачы даных у Рэспубліцы Беларусь ужо сутыкнуліся з канчатковым высільваннем нацыянальнага пула IPv4-адрасоў. Адным з найбольш прыкметных вынікаў дэфіцыту IPv4-адрасоў і прымянення NAT стала масавая блакіроўка абанентаў перадачы дадзеных з боку буйных пастаўшчыкоў кантэнту, у прыватнасці, Google і «Яндэкса»».

«Пул IPv4 заканчваецца ва ўсім свеце, і гэта не толькі беларуская праблема. Чаму у нас так праявілася? Гэта звязана, хутчэй, з нізкай культурай выкарыстання праграмнага забеспячэння, бо ў нас вялікая колькасць карыстальнікаў мае камп’ютары са старымі пірацкімі не абноўленымі сістэмамі і праграмным забеспячэннем. А гэта значыць, што шмат карыстальнікаў з заражанымі камп'ютарамі, і гэтыя камп'ютары незаўважна для карыстальніка рассылаюць той жа спам», — гаворыць IT-спецыяліст, эксперт па камп'ютарнай бяспецы Аляксей Чарняеў.

Што ж такое NAT і чаму скончыліся IP адрасы? Калі патлумачыць па простаму, то на кожную краіну іх выдаецца пэўная колькасць. Але цяпер інтэрнэт ёсць нават у лядоўні, таму адрасоў пачало не хапаць. Для гэтага правайдары пачалі даваць адзін адрас некалькім прыладам.

Так, адзін адрас далі тысячы камп’ютараў. Але калі адзін з іх шле спам, то праблемы з гуглам узнікнуць ва ўсіх. Таму гэта і пачало масава праяўляцца, лічыць эксперт.

А можа быць і яшчэ адна прычына. У Google ёсць пэўны парог адначасовых запытаў з аднаго адраса за пэўны час, каб не лічыць іх спамам.

«Напрыклад, калі на адным IP сядзіць 900 карыстальнікаў, то ўсё працуе. Калі на яго павесяць яшчэ 150, то стане 1050 запытаў адначасова з аднаго адраса і ўсе 1050 карыстальнікаў убачаць гэтую памылку. Або магла проста вырасці колькасць запытаў у Google з-за нейкай падзеі», — кажа спецыяліст па сеткавых тэхналогіях Сяргей Сямікаленаў.

Праўда, пры правільным планаванні IPv4, у прынцыпе, хапае, таму існуе яшчэ і праблема з наладкамі. З увядзеннем новай версіі пратакола — IPv6 праблема, натуральна, адпадзе, але кампаніі пакуль не спяшаюцца па розных прычынах.

«Большасць стараецца пачакаць, пакуль іншыя ўвядуць і наб’юць сабе шышак. Плюс, пераход на IPv6 будзе азначаць, што трэба зрабіць пэўныя інвестыцыі, каб абнавіць абсталяванне», — тлумачыць Аляксей Чарняеў.

Калі ўвядуць IPv6, то адрасоў стане у разы больш за кошт большай даўжыні самога адраса. Тады можна будзе раздаць рэальны нязменны IP кожнай прыладзе, якая знаходзіцца ў інтэрнэце.

У тым жа артыкуле часопіса «Веснік сувязі» гаворыцца, што створаная працоўная група па пераходзе на новы пратакол, першае паседжанне адбылося 30 кастрычніка. Але відаць, што хутка пытанне не будзе вырашана, бо патрэбныя грошы на мадэрнізацыю. І сам працэс не вельмі просты — новае абсталяванне, софт, адукацыя супрацоўнікаў і адначасовая падтрымка старога пратакола.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру