Адно з галоўных пытанняў, якое ўзнікае пры арганізацыі новага бізнэсу, — выбар назвы для вашай будучай фірмы. 

Імя сыграла важную ролю ў поспеху M&M's, Apple або Volkswagen. Вядомыя брэнды праклалі дарогу да купца дзякуючы, у тым ліку, запамінальнай назве.

Такія беларускія супербрэнды, як «Мілавіца», «Санта Брэмар» або згушчанае малако «Рагачоў», перыядычна сутыкаюцца з праблемай кантрафакту, што сведчыць пра іх папулярнасць і высокую якасць. У дадзеных выпадках падробкай займаюцца ў асноўным расейцы, хоць і нашыя прадпрымальнікі не зусім чыстыя на руку. Плагіят характэрны і для беларускіх рэаліяў. Успомнім, хаця бы, выпадкі рэгістрацыі даменных імёнаў google.by і samsung.by.

Іншая праблема беларускага нэймінгу — залішняя арыгінальнасць назваў, дзесьці паміж безгустоўшчынай і геніяльнасцю. Тыповы прыклад — назва адной з мінскіх кампаній — ЧТУП «ПРИАП».

Дасціпны беларускі блогер параіў дызайнерам азалаціцца на распрацоўцы фірмовага стылю і таварнага знака кампаніі. 

Няўдалыя назвы ці адкрыты плагіят сустракаюцца ў беларускім бізнэсе скрозь.

«Наша Ніва» зрабіла падборку фэйлаў беларускага стыхійнага нэймінгу, адмыслова абмінаючы прыклады добрага маркетынгавага выбару. Рэйтынг носіць выключна суб’ектыўны характар і ніякім чынам не ставіць пад пытанне сур’ёзнасць брэндаў і высокую якасць тавараў і паслуг.

№1. «Sandwich Club»

Новае кафэ «Sandwich Club» на сталічным праспекце Пераможцаў за непрацяглы час свайго існавання палюбілася студэнтам і аматарам фастфуду. Сярод устаноў грамадскага харчавання, размешчаных у раёне Нямігі, альтэрнатывай установе можа быць хіба толькі «Макдональдс».

І кормяць смачна, і месца добрае, ды, прызнацца шчыра, і да назвы ўстановы прэтэнзій няма. Але гандлёвы знак брэнду нечым напамінае знаёмы па замежным ваяжам лога сеткі закусачных «Subway».

Цікава, што прадстаўнікі «Subway» літаральна праз які тыдзень будуць у Мінску прымаць удзел у міжнароднай выставе і, хто ведае, можа завітаюць у «Sandwich Club» падсілкавацца.

№2. «ShaurDonald's»

Тут, як кажуць, без каментароў. Адзначым толькі, што гэтая ўстанова працуе ў Баранавічах.

№3. «Слонимские забавы»

Пэўна некаторыя чытачы сутыкаліся з гэтай фальклорнай назвай, якая адлюстроўвае таварны шэраг «Слонімскага вінзавода».

На сайце арганізацыі не паведамляецца якія менавіта забавы сталі візітнай карткай прадпрыемства, але мясцовы аддзел маркетынгу і збыту з’яўляецца бадай адым з самых актыўных у галіне. Не так даўно на заводзе правялі конкурс этыкетак для вінаградных вінаў, а таксама конкурс на новую назву, лагатып і слоган для прадпрыемства.

№4. «Fart»

Крама адзежы з такой назвай знаходзіцца на другім паверсе гіпермаркета BIGZZ у Мінску.

Гэткі арыгінальны нэймінг можна патлумачыць тым, што мясцовы маркетолаг хутчэй за ўсё вывучаў нямецкую, а не англійскую мову, бо ў перакладзе з апошняй назва носіць не такі паэтычны характар.

№5. «Наш-ДАХ»

Афіцыйны пастаўшчык дахавых матэрыялаў з Магілёва мае за слоган «Всегда Ваш — наш Дах». І так, вырабляюць яны не наждак.

А якія прыклады ведаеце Вы? Пакідайце свае варыянты ў каментах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?