Да 150-годдзя Паўстання 1863-1864 гадоў режысёр Павел Доўнар падрыхтаваў дакументальную стужку «Шляхам паўстанцаў». Удзел у фільме ўзялі вядомыя пісьменнікі і гісторыкі Уладзімір Арлоў, Адам Мальдзіс, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, Алесь Радзюк, а таксама святар Леанід Акаловіч і мастак Алесь Марачкін. 

Публічная прэм'ера стужкі адбываецца ў «Арт-сядзібе» адначасова з прэзентацыяй на беларускім партале TUT.BY.

Рэжысёр фільма Павел Доўнар зазначае, што ідэя стварэння фільма з'явілася ўжо даўно, але цяпер гэтая стужка надзвычай актуальная:

- Мне было вельмі цікава прааналізавць гэтую з'яву 150-гадовай даўніны. Тады адбылася гэтая ўнікальная для нашай зямлі падзея і вельмі займальна, што праз такі доўгі час некаторыя акалічнасці той гісторыі актуальныя і сёння. Тым больш істотна, што 2013-14 гады гэта вялікі юбілей Паўстаньня, таму стужка мае такое сімвалічнае значэнне для нас, як для нашчадкаў герояў.

Музыка Vinsent, аўтар музычнага саундтрэку да фільма падкрэслівае важнасць Паўстання для сённяшніх беларусаў, у прыватнасці, для моладзі:

- Безумоўна, гэта тая гісторыя, якая ляжыць у нашых каранях. Нягледзячы на драматызм Паўстаньня, гэта вельмі прыгожая і натхняльная падзея для беларусаў. Цешуся, што мне выпаў гонар напісаць саундтрэк да фільма. Песня называецца «Каго любіш?». Частка яе заснаваная на тэксце «Ліста з-пад шыбеніцы» Каліноўскага. Таксама я ўжыў вядомую легенду пра пароль: Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна!

У фільме перадусім уздымаюцца пытанні, што Паўстанне значыць для Беларусі, кім былі паўстанцы і каму яны не даюць спакою сёння. Пэўная частка фільму апавядае пра жыццё і дзейнасць лідэра Паўстання Кастуся Каліноўскага, узгадваецца таксама рамантычная сувязь Кастуся з Марыяй Ямант. Фільм уздымае і досыць аддаленыя ад Беларусі пытанні. Між іншым, якім чынам Паўстанне паўплывала на грамадзянскую вайну ў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?