фота з сайта Кабміна Украіны
Украінскія ўлады часова адмаўляюцца ад сацыяльных выплат частцы насельніцтва Данецкай і Луганскай абласцей, тэрыторыі якіх кантралююцца сепаратыстамі, паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк.
«Пакуль тэрыторыі будуць знаходзіцца пад кантролем самазванцаў, урад не будзе спансіраваць іх. Як толькі тэрыторыі будуць вызваленыя, мы выплацім усе сацгрошы», — заявіў Яцанюк.
Прэм'ер таксама адзначыў, што Кіеў гатовы пастаўляць газ і электрычнасць у Данбас гэтай зімой, аднак абяцае ў выпадку вяртання кантролю над усёй тэрыторыяй рэгіёну адняць кошт газу і электрычнасці з сумы, прадугледжанай у дзяржбюджэце на выплаты сацыяльных ільготаў і субсідый гэтаму рэгіёну.
«Што датычыць перамоваў, то чарговы раз адзначаю: з імі за стол двухбаковых перамоваў садзіцца бесперспектыўна. Адзін з самых эфектыўных і рэальных фарматаў — гэта жэнеўскі фармат, які прадугледжваў ўдзел ЗША, ЕС, Украіны і нашага паўночнага геаграфічнага суседа», — дадаў Яцанюк.
У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка заявіў, што рэжым спынення агню на ўсходзе Украіны і мінскія мірныя дамоўленасці працягваюць дзейнічаць.





