Група беларускіх апазіцыянераў 5 лістапада ў Мінску сустрэлася з начальнікам рэгіянальнага падраздзялення Дзярждэпартамента ЗША па Украіне, Малдове і Беларусі Аляксандрам Касанаф, паведаміў лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго слоў, на сустрэчы прысутнічалі прыкладна 15 прадстаўнікоў асноўных апазіцыйных палітычных структур, у тым ліку старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і іншыя.

«Сустрэча была вельмі важная, таму што ў Беларусь прыехаў высокага ўзроўню дыпламат з Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Гэта чалавек вельмі інфармаваны, нам важна было выказаць факты, а не эмоцыі», — паведаміў Мілінкевіч.

Асноўным пытаннем абмеркавання на сустрэчы былі шанцы на еўрапейскую будучыню краін Усходняга партнёрства, зазначыў Мілінкевіч. «Вядома, асноўныя падзеі зараз адбываюцца ва Украіне, але трэба разглядаць адначасова і ўсе краіны Усходняга партнёрства, таму што ў жорсткай канфрантацыі Расіі з Украінай сёння вырашаецца лёс усяго рэгіёну», — сказаў ён.

Паводле слоў Мілінкевіча, у ЗША «цудоўна ўсведамляюць небяспеку вайны, якая там разгараецца, што гэта не толькі канфлікт расійска-ўкраінскі, але і цывілізацыйны». «Таму важна падтрымаць незалежнасць шасці краін. ЗША і ЕС разумеюць, што вельмі важна працаваць як з кожнай краінай індывідуальна, гэтак і з усімі разам, каб у іх было больш суверэнітэту, рэформ і самастойнасці», — сказаў палітык.

Удзельнікі сустрэчы, паведаміў Мілінкевіч, таксама гаварылі аб правах чалавека і палітзняволеных. «Сёння незалежнасць — гэта асноўная каштоўнасць, якой пагражаюць у нашым рэгіёне. Але разам з тым, калі Захад перастане памятаць, што ў турме сядзяць палітзняволеныя, гэта будзе ўдар па тым, што мы робім усе гэтыя гады. Мы гаворым, што Еўропа аб'ядналася на каштоўнасцях, і ў Беларусі гэтыя каштоўнасці нівелююцца. Таму нам важна, каб дыялог, які вядзе ЗША, быў адкрытым і шырокім. Яго можна весці не толькі з грамадствам, але і з уладамі, але гэты дыялог таксама павінен быць крытычным і абумоўленым», — мяркуе ён.

Мілінкевіч зазначыў, што Захад «дрэнна гатовы да цынічнай вайны, якую вядзе Расія». «На Захадзе прывыклі большасць пытанняў вырашаць дыпламатычна, мірна, відаць, Расія гэтага не хоча. Разам з тым Захад не хоча развязваць вайну з Расіяй, таму што яна можа стаць ядзернай», — падкрэсліў ён.

«Мы гаварылі, што павінна быць стратэгія ў дачыненні да шасці краін Усходняга партнёрства, — сказаў Мілінкевіч. — Галоўная праблема постсавецкай прасторы — апошняя ступень саветызацыі людзей. Праблема вяртання ў еўрапейскую сям'ю — гэта працэсы. Нягледзячы нават на ваенныя канфлікты, павінна быць праграма дэмакратызацыі, еўрапеізацыі і дэсаветызацыі нашых краін».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?