Крымінальная справа па факце лжэпрадпрымальніцтва распачата ў дачыненні да двух жыхароў Мінска. 

Як паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмеццева, падчас праведзенай сумеснай праверкі і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі АБЭЗ Кастрычніцкага РУУС Мінска і пракуратуры раёна ўстанавілі, што толькі за пяць месяцаў ілжэпрадпрымальніцкай дзейнасці двое мінчукоў купілі ў банках 1,2 млн долараў ЗША. 

Раней судзімыя нарказалежныя браты згодна з рашэннем Мінгарвыканкама былі зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў з заяўленым відам дзейнасці «аптовы гандаль будаўнічымі матэрыяламі». Аднак ніякай гаспадарчай дзейнасці па рэалізацыі будматэрыялаў яны не ажыццяўлялі, а працавалі пад прыкрыццём забароненай дзейнасці, звязанай з пераводам у наяўныя сродкаў у беларускіх рублях і далейшага іх канверсавання ў долары ЗША, аказвалі такія паслугі іншым суб'ектам гаспадарання. 

З кастрычніка 2012 па люты 2013 года падазроныя заключалі фіктыўныя дагаворы куплі-продажу з трэцімі асобамі — «замоўцамі», здымалі з рахункаў беларускія рублі і абменьвалі іх на валюту. Пасля яны перадавалі долары сваім «замоўцам». За адзін раз браты маглі абмяняць у банку 15—20 тысяч долараў ЗША, а за адзін тыдзень маглі правесці дзве-тры такія абменныя аперацыі. За аказаную разавую паслугу атрымлівалі па 200—300 тыс. рублёў. 

Такім чынам, толькі за пяць месяцаў падазроныя набылі ў банках 1,2 млн долараў ЗША, чым нанеслі ўрон дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў у памеры 3,4 млрд рублёў. 

Пракуратурай Кастрычніцкага раёна Мінска па матэрыялах АБЭЗ Кастрычніцкага РУУС у дачыненні да падазроных распачата крымінальная справа за лжэпрадпрымальніцтва, якое мела вынікам прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 234 КК). Згодна з крымінальным заканадаўствам за ўчыненне ўказанага злачынства можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі. 

Справа для далейшага расследавання накіравана ў Кастрычніцкі раённы аддзел Следчага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?