Тэмпы эканамічнага росту — прыярытэт нумар тры для ўрада, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў 10 лістапада ў палаце прадстаўнікоў.
Ён прызнаў, што тэмпы эканамічнага росту ў 2014 годзе на больш нізкім узроўні, чым планавалася з самага пачатку. «Сапраўды, заданне ва ўказе вызначанае як прырост ВУП на 3,3% у 2014 годзе, маем 1,5%», — канстатаваў Мясніковіч.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што паводле вынікаў студзеня—кастрычніка чакаецца паскарэнне тэмпаў прамысловай вытворчасці. «Казаць пра тое, што мы супакоіліся і не імкнемся выйсці на прагнозныя паказчыкі, нельга. Мы імкнемся да гэтага», — сказаў Мясніковіч.
Разам з тым, зазначыў ён, сітуацыя з экспартам тавараў застаецца цяжкай, улічваючы высокія тэмпы дэвальвацыі расійскага рубля.
«Сітуацыя такая, што 92% валютнай выручкі з Расіі мы атрымліваем у расійскіх рублях. Дэвальвацыя павінна была прывесці да эквівалентнай змены цэн на расійскім рынку. На жаль, гэтага не адбываецца. З-за гэтай прычыны прадпрыемствы імкнуцца шукаць іншыя рынкі збыту», — растлумачыў Мясніковіч.
Адмоўна на беларускім экспарце, паведаміў ён, адбіваецца і ўмацаванне беларускага рубля да расійскай валюты. «Сукупнасць фактараў вельмі няпростая і патрабуе ад прадпрыемстваў сур'ёзных рашэнняў», — зазначыў Мясніковіч.
У такіх умовах, удакладніў ён, урад вызначыў для сябе галоўныя прыярытэты эканамічнай палітыкі.
Галоўны прыярытэт заключаецца ў забеспячэнні фінансавай збалансаванасці, на другім месцы рост экспарту, забеспячэнне станоўчага сальда гандлёвага балансу і паляпшэнне стану рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу.
«Вы сказалі пра ВУП, гэта прыярытэт нумар тры», — падкрэсліў Мясніковіч, звяртаючыся да дэпутата, які задаў пытанне пра нізкія тэмпы эканамічнага росту.