Першае правіла дыпламатыі гучыць як «Не чапай жонкі калегі-прэзідэнта». Пуцін парушыў яго ў Пекіне.
У сталіцы Кітая адбываецца саміт краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Увечары 10 лістапада госці сабраліся ў Алімпійскім водным стадыёне. Апранутыя яны былі ў кітайскія нацыянальныя строі. Справа ад кіраўніка КНР Сі Цзіньпіня пасадзілі Абаму. Злева сядзела жонка Сі, Пэн Ліюянь, а побач з ёй — прэзідэнт Расіі.
Пакуль Сі размаўляў з Абамам, Пуцін абмяняўся парай словаў з жонкай гаспадара. Устаў, узяў плед і дзвюма рукамі накрыў ім Пэн.
Першая лэдзі Кітая зрэагавала імгненна, хоць і дыпламатычна.
Яна міла, з усмешкай падзякавала Пуціну, але ў тую ж секунду дазволіла пледу саслізгнуць з плячэй у рукі памочніка.
Відэа і фота гэтага моманту ўмомант стала хітом кітайскага інтэрнэту, але толькі на пару гадзін. Армія цэнзараў выцерла кадры з усіх сайтаў і сацыяльных сетак. Відаць, эпізод палічылі неадпаведным рэпутацыі Старшыні Сі.