Пра дэталі свайго праекту распавялі яго арганізатаркі: Кацярына Казлова і Эмілія Скарабагатая.
«Зараз мы збіраемся здымаць наш першы трэйлер. З творам дакладна яшчэ не вызначыліся.
Найбольш верагоднымі кандыдатамі былі «Кніганоша» Уладзіміра Караткевіча і «Падарожжа па краіне беларусаў» Віталя Вольскага. Але варыянтаў шмат, і дакладна мы пакуль не вызначыліся. Будзем выбіраць, — кажуць дзяўчаты. — Сярод лідараў: «Паўлінка» Купалы, «На ростанях» Коласа, «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Кніганоша» Караткевіча, а з сучасных — «Мова» Віктара Марціновіча».
Каця Казлова — родам з вёскі Паланечка Баранавіцкага раёна. Сёлета дзяўчына скончыла Нясвіжскі каледж па спецыяльнасці «гасціннасць і турызм». Зараз займаецца гісторыяй Радзівілаў — аднаўляе гісторыю палаца-паркавага ансамблю ў сваёй роднай вёсцы.
Эмілія ўлетку скончыла філфак БДУ па спецыяльнасці «Беларуская мова».
А пазнаёміліся дзяўчаты зімой, на курсах арт-менаджараў, якія ладзіла «Арт-Сядзіба». Тады ў іх і нарадзілася ідэя, што прыцягваць увагу да беларускай літаратуры можна было б з дапамогай буктрэйлераў.
«Літаратура — не толькі беларуская — заўсёды была значнай часткай майго жыцця. У школе я чытала беларускую літаратуру, але без захаплення. Шмат чытала і ва ўніверсітэце, але на мяне паўплывала аповесць «Салавей» Змітрака Бядулі. Пасля яе я зразумела, што ёсць сапраўды крутыя рэчы і захацелася дзяліцца імі з іншымі», — распавядае Эмілія. Дарэчы, досвед у арганізацыі літаратурных праектаў яна ўжо мае — вясной з дапамогай той жа «Арт-Сядзібы» Эмілія зладзіла выпуск музычнай складанкі «Паэты жывуць у песнях». Так што можна разлічваць на тое, што і гэты праект увасобіцца ў жыццё.
«Можна сказаць, што на сенняшні дзень у нас ужо ёсць невялікая каманда, якая гатовая працаваць над праектам. Але нам не хапае прафесійных аператараў і мантажораў. Таксама, было б добра знайсці прафесійнага сцэнарыста.
Акторы ўжо ёсць: гэта як прафесійныя выканаўцы, так і аматары, але і ў апошніх ёсць досвед у публічных выступах. - кажа Кацярына Казлова. – Аднадумцаў мы шукалі і праз сайт Talaka.by. Людзей адгукнулася шмат, але хапала і тых, хто хацеў працаваць толькі за грошы, ці выключна з прафесійнай апаратурай».
Аднак недахоп людзей і пэўныя фінансавыя цяжкасці Кацярыну і Эмілію не стрымліваюць — яны ўпэўненыя, што энтузіясты яшчэ знойдуцца.
І ўвогуле ставяцца да будучага свайго праекта з аптымізмам. Напрыклад, яны плануюць стварыць сайт, дзе можна будзе і паглядзець трэйлер да твора, і спампаваць ці прачытаць анлайн саму кнігу.
«Нават калі мы здымем свае буктрэйлеры і ніхто іх не будзе глядзець, мы ўсё роўна працягнем сваю справу, - кажуць дзяўчаты. – Проста будзе зразумела, што мы нешта робім не так, і трэба нешта мяняць. Бо калі адразу не атрымліваецца, гэта ж не значыць, што трэба гэта кідаць».
Глядзі таксама: Першы беларускі буктрэйлер запісалі паводле «Смалення вепрука» Стральцова