Са жніўня 2009 года — даты першай катастрофы ў беларускай ваеннай авіяцыі з чалавечымі ахвярамі пасля больш як 12-гадовага паспяховага перыяду — ВПС і войскі СПА Беларусі страцілі восем лётчыкаў і сем баявых машын.

30 жніўня 2009 падчас авіяшоу ў польскім Радаме разбіўся «Су-27» 61-й знішчальнай авіябазы. Лётчыкі-снайперы, пілатаваўшыя яго, — намеснік камандуючага Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА Аляксандр Марфіцкі і намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы Аляксандр Жураўлевіч — загінулі.

21 красавіка 2010 у раёне Ружан (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць) падчас ажыццяўлення планавага палёту ва ўмовах абмежаванай бачнасці пры выкананні манеўру павышанай складанасці здарылася сутыкненне ў паветры двух самалётаў «МіГ-29» 927-й знішчальнай авіябазы. У выніку адна з машын была згубленая, лётчык катапультаваўся. Другі знішчальнік здолеў вярнуцца на аэрадром базавання.

23 верасня 2010 у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці пацярпеў катастрофу «МіГ-29» 61-й знішчальнай авіябазы. Экіпаж выконваў элементы пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях. Загінулі лётчык 1-га класа, камандзір авіяцыйнай эскадрыллі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і лётчык 2-га класа, намеснік камандзіра авіяцыйнага звяна маёр Аляксандр Жыгайла.

29 лістапада 2011 у 19.45 падчас выканання планавых вучэбна-трэніровачных палётаў пры заходзе на пасадку ў раёне аэрадрома Пружаны здарылася крушэнне верталёта «Мі-24» 181-й баявой верталётнай базы. Тры члены экіпажа загінулі.

12 чэрвеня 2012 у Гродзенскай вобласці пры выкананні планавых палётаў у раёне авіяцыйнага палігона разбіўся самалёт «Су-25» 116-й штурмавой авіябазы. Загінуў пілот — ваенны лётчык 1-га класа падпалкоўнік Мікалай Грыднеў.

30 верасня 2014 пры правядзенні планавых палётаў разбіўся «Су-25» 116-й штурмавой авіябазы. Лётчык, пераканаўшыся, што траекторыя падзеяння самалёта знаходзіцца па-за населенымі пунктамі, катапультаваўся. Ён быў знойдзены сіламі пошукава-ратавальнай каманды.

З 1970 па 1997 у ваеннай авіяцыі, якая дыслакавалася на тэрыторыі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, было зафіксавана звыш 100 авіяцыйных здарэнняў, у якіх загінулі больш за 60 чалавек.

Апошнімі ў гэтым шэрагу былі катастрофы «Су-27» і «Су-17» у раёне Баранавіч 23 мая 1996 і 19 мая 1997-га. У першай загінуў начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й знішчальнай авіябазы падпалкоўнік Уладзімір Карват, які стаў першым Героем Беларусі (пасмяротна). Гэта апошняе авіяздарэнне, вынікі расследавання якога сталі вядомыя грамадскасці.

У другой катастрофе загінуў начальнік станцыі лётных выпрабаванняў 558-га авіярамонтнага завода падпалкоўнік Сяргей Паграбан. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пілот пераацаніў магчымасці самалёта і свае ўласныя.

Да ўжо пералічаных катастроф дзяржаўнай авіяцыі на тэрыторыі Беларусі можна дадаць крушэнне ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці 20 кастрычніка 2011 года верталёта органаў пагранічнай службы Беларусі Eurocopter AS 355NP Ecureuil. На борце знаходзілася пяць чалавек: два члены экіпажа (Ігар Скварцоў 1965 года нараджэння і Андрэй Пякарскі 1979 года нараджэння) і здымачная група тэлерадыёаб'яднання «Саюз» (Юлія Шатэрнік 1983 года нараджэння, Віталь Прачкоўскі 1974 года нараджэння і Сяргей Шамалаў 1972 года нараджэння). Усе яны загінулі. «Еўракоптэр» выконваў планавы палёт па ахове дзяржаўнай мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?