Падчас даклада ўрада, Нацбанка і аблвыканкамаў Аляксандру Лукашэнка аб рабоце эканомікі сярод выступоўцаў не было адзінства.

«Усе цудоўна разумеюць, што пры такіх стаўках кошту крэдытных рэсурсаў эканоміка не развіваецца. Я не кажу пра абаротку, гаворка ідзе пра «доўгія грошы». Без падтрымкі дзяржавы пайсці на крэдытаванне інвестыцыйнага праекту можа толькі смяротнік.

Эканоміка стала закладнікам банкаўскай сістэмы. Банкаўская сістэма стала свайго роду МММ, дзе ламавую нагрузку цягнуць прадпрыемствы рэальнага сектару», —

заявіў старшыня Дзяржкантролю Леанід Анфімаў. Ягонае ведамства разам з прамысловымі міністэрствамі выступаюць за нарошчванне грашовай масы і далейшую раздачу крэдытаў прадпрыемствам.

Анфімаў быў намеснікам Якабсона, а пасля стаў на яго месца.

Нацбанк, у сваю чаргу, заклікае да больш жорсткай манетарнай палітыкі.

Яго старшыня Надзея Ермакова ўскочыла з месца, перабіваючы Анфімава: «Мы не згодныя…»

Надзея Ермакова вырашыла не маўчаць.

«Вы не згодныя з лічбамі?» — перапыніў Ермакову Лукашэнка.

«Не з лічбамі, а ўвогуле з пазіцыямі, што Нацыянальны банк і банкаўская сістэма ператварыліся ў МММ. Я з гэтым не згодная… Таму я хацела бы папрасіла вас стварыць камісію, якая б дала ацэнку працы Нацбанка», — заявіла Ермакова, шукаючы падтрымку.

«А навошта? Вы што, не можаце прааналізаваць сітуацыю ў Нацбанку і не ведае палажэнне спраў у банкаўскай сістэме?» — не зразумеў Лукашэнка.

«Не, я ведаю. Але я не згодная…» — удакладніла Ермакова свае разыходжанні з пазіцыяй КДК.

«Ведаеце. Тады чаму вы не селі ўдваіх і адзін аднаму не паклалі на стол матэрыялы і не супаставілі?» — зноў перабіў яе Лукашэнка.

Леанід Анфімаў падчас пікіроўкі гартаў паперы, не спрабуючы ўступіць у спрэчку.

А Лукашэнка працягваў у бок Ермаковай: «Каб не было больш размоў наконт таго, што вы там жыруеце разам з банкамі, давайце дамовімся так. Я, напрыклад, формулу гавару. Ваша зарплата павінна быць недзе блізкая да зарплаты прэм'ер-міністра. Усе астатнія павінны быць выбудаваны як ва ўрадзе. Хто не хоча працаваць — звальняйцеся адразу. Тое ж самае па расходах усіх банкаў, пачынаючы ад вас і заканчваючы іншымі.

Абыдзецеся двума аўтамабілямі ў Нацбанку для абслугоўвання — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёння гэта нятанна, тым больш такія цэны на бензін.

Забеспячэнне, зарплата, праграмнае забеспячэнне, без якога не абысціся — асабіста зацвердзіце кожнаму. Усё астатняе зняць. І асабіста мне далажыце сваю пазіцыю, не ўзгадняючы ні з якімі банкамі».

* * *

У эфіры АНТ паказалі іншую дыскусію на тую ж тэму – паміж прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і дарадцам прэзідэнта Кірылам Рудым.

Мясніковіч ад імя ўрада патрабаваў крэдыты на мадэрнізацыю. 

Міхаіла Мясніковіча Лукашэнка ўшчуваў на працягу ўсёй нарады.

«Каб крэдыты былі даступнымі, стаўка павінна быць не вышэйшай за рэнтабельнасць. То бок, напрыклад, для прамысловасці стаўка павінна быць не большай за 10%. Значыцца, інфляцыя павінна быць не большай за 9%, — пачаў яму тлумачыць Руды. — Гэта не ліберальная прапанова, ліберальнай з’яўляецца свабодная эмісія. Тут хутчэй прапануецца ўвядзенне грашовай дыктатуры».

Кірыл Руды, як і Нацбанк, прапануе змагацца з інфляцыяй. 

«У гэтай сувязі камісіі прапануецца зрабіць прыярытэтам на два гады зніжэнне інфляцыі да сярэднегадовага значэння 9%. І далей імкнуцца зніжаць яшчэ ніжэй. Гэта цалкам рэальна, — звярнуўся ён да Лукашэнкі. — Трэба кіраваць грашовай масай, і, магчыма, перагледзець у бок скарачэння шэраг дзяржпраграм».

«Ну і што тут, Міхаіл Уладзіміравіч, антыдзяржаўнага?» — падшпіліў Лукашэнка Мясніковіча.

«Трэба разумець, што інвестыцыйная актыўнасць будзе зніжаная, ВУП будзе меншым за 100%, і заробак будзе ніжэйшым», — стаў шантажаваць — перадвыбарчы год! — Мясніковіч, але ў Рудага было яшчэ шмат аргументаў.

«Зніжэнне працэнтных ставак, наадварот, стымулюе інвестыцыйную актыўнасць, а не зніжае, — гнуў сваю лінію ён. – А зніжэнне інфляцыі павышае рэальныя даходы, калі намінальныя…»

«У гэтай сітуацыі нельга вырываць пытанні з агульнага кантэксту, — не вытрымаў Мясніковіч і перабіў дарадцу прэзідэнта. – Перадусім мы павінны глядзець, каб было спакойна на валютным рынку».

Лукашэнка папрасіў пракаментаваць сітуацыю кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў. Той паспрабаваў адказаць «і вашым, і нашым»: «Кірыл Валянцінавіч мае рацыю ў перспектыве, што трэба выходзіць на адназначную лічбу па інфляцыі, а не на двузначную. Але за адзін год гэтага не зробіш, таму тут мае рацыю Мясніковіч».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру