Жанр: фантастыка, прыгоды, драма
Рэжысёр: Крыстафер Нолан
У ролях: Мэцью Макконахі, Эн Хэтэўэй, Джэсіка Чэстайн, Майкл Кейн, Уэс Бентлі, Макензі Фой, Эліес Габел, Кейсі Афлек, Тофер Грэйс, Мэт Дэйман
ЗША, Вялікабрытанія, 169 хв.

Недалёкая будучыня. Былы пілот NASA Купер асеў на роднай ферме і займаецца вырошчваннем кукурузы, бо на Зямлі пануюць пылевыя буры, існуе пагроза голаду.

Чалавецтва перестала займацца даследаваннем космасу і клапоціцца толькі пра сваё выжыванне. NASA працуе падпольна, прафесар Бранд верыць, што ратунак можна знайсці толькі на іншых планетах. Куперу прапануюць пілатаваць касмічны карабель, які кіруецца скрозь кратавіну, што з'явілася недалёка ад Сатурна, услед за мужнымі навукоўцамі. Яны ў адзіноце выправіліся ў далёкі космас, каб знайсці некалькі планет, прыдатных для перасялення. Купер з камандай павінен знайсці найлепшы варыянт, каб выратаваць сваіх дзяцей і ўсё чалавецтва.

Новы фільм Крыстафера Нолана (трылогія пра Бэтмена (2005, 2008, 2012), «Пачатак» (2010)) прысвечаны папулярным цяпер тэмам: падарожжам праз прастору і час з дапамогай кратавін, феномену чорных дзірак і выжыванню чалавецтва ў экстрэмальных абставінах.

Калі стыхійныя навалы — рэч хоць і страшная, але знаёмая, то прымяненне адкрыццяў квантавай фізікі ў далёкім космасе — пытанне пакуль тэарэтычнае. Аўтар фабулы фільма - фізік-тэарэтык Кіп Торн, яго намаганнямі стужка набывае навуковую дакладнасць: працэс візуалізацыі чорнай дзіркі нават падштурхнуў навукоўца да новых ідэяў. У моцным, захапляльным сюжэце хапае і асабістай чалавечай драмы: кожны з герояў мае сваю гісторыю, свае матывы і памкненні.

Працягласць фільма цалкам абгрунтаваная — сумна не будзе.

Чытай таксама: «Інтэрстэлар»: антынавуковая казка пра навуку, якую варта паказаць беларускай Палаце прадстаўнікоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?