«Гэта добра адладжаны транснацыянальны злачынны від дзейнасці, які прыносіць каласальныя прыбыткі трафікёрам і які займае ў крымінальным свеце трэцяе месца па прыбытковасці пасля гандлю зброяй і наркотыкамі», — адзначылі ў прэс-службе МУС.

Асноўныя формы гандлю людзьмі застаюцца ў Беларусі практычна нязменнымі з 2000 года: гэта злачынствы, якія здзяйсняюцца ў мэтах сексуальнай або працоўнай эксплуатацыі.

З 5102 ахвяр гандлю людзьмі, устаноўленых у 2002-2014 гадах, у сексуальную эксплуатацыю трапілі 4502 чалавекі, працоўную — 597, выразалі органы — 3.

Сёння Беларусь пераважна з’яўляецца краінай паходжання «жывога тавару». У мэтах сексуальнай эксплуатацыі трафікёры перапраўляюць людзей, як правіла, у краіны Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў некаторыя рэгіёны Расійскай Федэрацыі (пераважна гэта г. Масква і Маскоўская вобласць).

Асноўным вектарам вывазу беларусаў з мэтай працоўнай эксплуатацыі з'яўляецца Расія. Таксама зафіксавана некалькі выпадкаў працоўнай эксплуатацыі нашых грамадзян у Турцыі і Польшчы.

З 2006 г. у рэспубліцы выяўляюцца асобныя адзінкавыя факты, калі Беларусь выступае краінай прызначэння. За гэты час былі ўстаноўлены ахвяры гандлю людзьмі з Расіі, Украіны і Малдовы.

Акрамя таго, існуе ўнутраная эксплуатацыя (калі беларускія грамадзяне эксплуатуюцца на тэрыторыі Беларусі). Тут сексуальная эксплуатацыя таксама пераважае над працоўнай.

З 2011 тэндэнцыя такая, што колькасць ахвяр ўнутранай эксплуатацыі перавышае колькасць ахвяр, якія трапляюць у эксплуатацыі за мяжой (раней было наадварот).

У 2011 г. на тэрыторыі Беларусі ў эксплуатацыю трапілі 153 ахвяры, а за мяжу былі вывезены 142 (2012 — 124 і 85; 2013 — 90 і 59; за 10 месяцаў 2014 — 55 і 43 адпаведна).

Апошнім часам расце колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з незаконным працаўладкаваннем грамадзян Беларусі за мяжой (крымінальная адказнасць за незаконнае працаўладкаванне за мяжой наступае толькі ў тым выпадку, калі даказваецца факт эксплуатацыі). Калі ў 2011 было выяўлена 123 адміністрацыйных правапарушэння, то ў 2012 г. — 144, у 2013 — 157, а за 9 месяцаў 2014 — 51.

З 2002 праваахоўнымі органамі Беларусі ліквідавана 22 злачынныя арганізацыі (з іх 21 транснацыянальная) і 83 арганізаваныя групоўкі. За гандаль людзьмі і звязаныя з ім злачынствы асуджаны 2152 чалавекі, у тым ліку 784 да пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?