Ня ведаю, як вам, а мне заўсёды думалася, што ў нацыянальнай справе колькасьць прыхільнікаў — паказьнік посьпеху інсьпіратараў. У канчатковым выніку гэта мусіць быць увесь народ і — беларуская Беларусь — нармальная, цывілізаваная, якую б мы любілі гэтаксама, як цяпер любім яе некранутую прыроду.

Сёньня ў Беларусі ня так і шмат людзей, што ўсьведамляюць сябе адказнымі за сваю краіну і яе самабытнасьць, найперш — мову. Дзякуючы СМІ большасьць жыве ў расейскай правінцыі, паводле «белорусского времечка» — бляклай копіі некалі папулярнай расейскай тэлеперадачы.

Такім чынам, першы крытэр ацэнкі дзейнасьці нашых змагароў і адраджэнцаў — маса прыхільнікаў. Не палымяныя прароцкія артыкулы й прамовы, ня зьезды і акцыі, а менавіта колькасьць сваіх беларускіх людзей. Калі справа не пашыраецца, а стаіць на месцы або нават звужаецца, значыць нешта ня тое й ня так робяць арганізатары. Проста ты падабраў ня тыя словы й інтанацыі, ня тыя формы дзейнасьці, ня тыя час і месца… У выніку застаўся на дваццаць гадоў з двума дзясяткамі тых самых прыхільнікаў, якім утульна зьбірацца па інэрцыі вузкім колам, «без чужакоў».

Вось я слухаю выступы Юрася Беленькага пра беларускую мову. Нібыта ўсё па сутнасьці кажа чалавек, але далучыцца да яго ні ў Курапатах ні ў Лошыцы — ня хочацца. Ня толькі мне, нікому ня хочацца. Лепей я сам схаджу.

Зь якой ахвотай моладзь зьбіраецца на новыя моўныя курсы! Па 150 чалавек за раз! А на «традыцыйныя» пляцоўкі валам ня валіць. Проста зусім ня йдзе.

Між іншым, у адрозьненьне ад новых курсаў, таварыства Беленькага і падобныя яму – зьява, уласьцівая хутчэй дыяспары, чым мэтраполіі. Галоўныя рысы: падкрэсьленая несучаснасьць, паказная беднасьць (у якую ніхто ня верыць) і сталёвы бляск уваччу. Шкада, што для многіх недасьведчаных такі «стыль» згаданых таварыстваў усё яшчэ асацыюецца зь беларушчынай у цэлым.

Якраз апошнія Дзяды ў Лошыцы і прымусілі мяне задумацца: сябры, а ў чым для вас асабіста крытэр посьпеху вашай дзейнасьці?

Ні ўнутраная адданасьць беларускай справе, ні «чысьціня радоў», ні зьнешнія абставіны – нішто не апраўдвае арганізатараў, калі колькасьць прыхільнікаў у іх не павялічваецца, а іх правільныя словы толькі адганяюць патэнцыйных аднадумцаў, якімі ўрэшце мусіў бы стаць увесь народ.

Можа быць, вы самі ці нехта іншы растлумачыць, у чым сэнс існаваньня адраджэнскага таварыства, калі колькасьць прыхільнікаў адраджэньня ў выніку вашай дзейнасьці вось ужо два дзясяткі гадоў — не расьце? 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру