Як паведаміў каардынатар БХД па БрэстуАляксандр Храпко, 13 лістапада ў пракуратуры, куды яго выклікалі позвай, яму ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння патрабаванняў закона «Аб палітычных партыях».
У дакуменце гаворыцца, што пракуратурай прааналізаваная інфармацыя ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці аб удзеле Храпко ў дзейнасці не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку палітычнай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Згодна з гэтай інфармацыяй, Храпко браў актыўны ўдзел у арганізаваных БХД кампаніях «За малы прыгранічны рух» і «Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму». У адпаведнасці з ч. 3 арт. 7 закона «Аб палітычных партыях», зазначаецца ў папярэджанні пракуратуры, дзейнасць незарэгістраваных партый, саюзаў на тэрыторыі Беларусі забараняецца і, такім чынам, удзел у дзейнасці незарэгістраванай партыі супярэчыць патрабаванням заканадаўства аб палітычных партыях.
З папярэджання пракуратуры вынікае, што ў выпадку парушэння Храпко парадку ўдзелу ў дзейнасці палітычных партый ён можа быць прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці.
«Спачатку ўлады ўсяляк перашкаджаюць рэгістрацыі непажаданых для іх грамадскіх аб`яднанняў і палітычных партый, затым пераследуюць актывістаў гэтых незарэгістраваных структур, — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Раман Кісляк. — А яшчэ, на маю думку, гэта выкарыстоўваецца, як у выпадку з Храпко, для «зачысткі» апазіцыі перад прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй».





