Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада падпісаў указ № 526 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у палажэнне аб рэспубліканскай дошцы Гонару». 

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент распрацаваны ў мэтах удасканалення механізма ацэнкі вынікаў дзейнасці рэгіёнаў і арганізацый. Прадугледжваецца, што пры вылучэнні адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і арганізацый для вызначэння пераможцаў паводле вынікаў працы за справаздачны год сярод абласцей, Мінска, раёнаў, гарадоў і раёнаў у гарадах, а таксама арганізацый прамысловасці прымяняюцца паказчыкі, пералікі і парадак разліку якіх зацвярджаюцца Мінэканомікі. 

Кандыдатуры вылучаюцца з улікам сістэмнай працы па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці арганізацый і падрыхтоўцы кадраў кіравання; ацэнка працы арганізацый ажыццяўляецца ў цэлым па юрыдычнай асобе; пры вылучэнні кандыдатур для вызначэння пераможцаў за дасягненні найлепшых паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў асноўным крытэрыем ацэнкі з'яўляецца выкананне заданняў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і зніжэнні затрат на вытворчасць прадукцыі пры зніжэнні ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі. 

Указам удасканалены пералік абавязковых умоў для занясення на рэспубліканскую дошку Гонару. У прыватнасці ўстанаўліваецца, што абавязковай умовай з'яўляецца адсутнасць карупцыйных злачынстваў, учыненых службовымі асобамі за справаздачны год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?