Былы галоўны трэнер «Кубані» Віктар Ганчарэнка пракаментаваў фармулёўку, паводле якой ён быў адпраўлены ў адстаўку са сваёй пасады.

«Перш за ўсё, я прафесійны трэнер, і кубанскім этапам мая кар'ера не абмяжуецца. Таму не магу дапусціць, каб на маёй рэпутацыі была пляма трэнера, які дапусціў нізкі ўзровень дысцыпліны.

Фінансавыя страты — гэта імгненна, у адрозненне ад іміджавых. Я насамрэч не збіраўся нікуды сыходзіць, але калі кіраўнікі клуба кажуць аб неабходнасці такога кроку, супраціўляцца няма сэнсу. Гвалтам мілы не будзеш. Наколькі мне вядома, у кіраўніцтве клуба не было адзінага меркавання пра неабходнасць майго звальнення, аднак такое рашэнне ў выніку адбылося. Дадзеныя клубам тлумачэнні мяне не задавальняюць.

Што такое ўзровень дысцыпліны? Многія людзі ў кіраўніцтве «Кубані» працуюць «на аголеным нерве» і лічаць, што трэнер павінен паводзіць сябе гэтак жа. Ён павінен гарлапаніць на гульцоў, штодня размахваць рукамі, і пры першым выпадку крычаць, што футбалісты, скажам так, — нядобрыя людзі.

Так тут прывыклі. А калі трэнер спакойна кантактуе з футбалістамі, нават тымі, хто незадаволены сваім статусам, гэта непарадак. З іх пункту гледжання.

Сёння «Кубань» ідзе высока ў табліцы, дасягнуты гульцамі вынік — найлепшы ў гісторыі клуба на гэтым этапе. Я павінен перш за ўсё думаць не пра сябе, а пра футбалістаў і заўзятараў. Каманда не павінна пакутаваць ад таго, што здарылася. Менавіта таму я пагадзіўся на прапанову клуба развітацца.

Але не магу дазволіць сабе, каб заўзятары не ведалі, чаму і як гэта адбылося.

Тым больш што не я стаў ініцыятарам развітання, а клуб.

У нейкі момант мне нават было сказана: у вас сын пайшоў у школу ў Мінску, што ж вы будзеце сумаваць аб сям'і тут…

А потым я даведаюся, што маё звальненне — «прэвентыўная мера». Мера павінна быць супраць чагосьці, ці не так? А гульня і паказчыкі «Кубані» ў табліцы і мікраклімат унутры калектыву ніяк не гавораць пра неабходнасць нейкіх мер. І калі рашэнне прынята, то не трэба прыдумляць віртуальных прычын растання, тым больш, якія ўплываюць на маю трэнерскую рэпутацыю.

За мінулыя суткі мне тэлефанавалі многія футбалісты, дзякавалі за супрацоўніцтва і жадалі не змяняць у далейшым свой стыль працы.

У футбольнай камандзе ніколі не можа быць, каб усе ўсім былі задаволеныя, але важна захоўваць пэўны стыль адносін, у аснове якога — узаемная павага. Напрыклад, Івелін Папоў сказаў: трэнер, мне было прыемна з вамі працаваць, я не разумею, што зараз адбываецца. І я хацеў бы пажадаць гульцам годна працягнуць пачаты намі шлях. Узроўню дысцыпліны ім хопіць. Я ж мяняць свой стыль працы не збіраюся, крык і «наезды» на гульцоў — гэта не мой падыход. Я ўдзячны гульцам за наш сумесны перыяд работы і шмат каму з журналістаў, якія падтрымлівалі нас у гэты час і мяне асабіста ў сітуацыі, якая склалася», — сказаў Ганчарэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру