Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў пра адмову ўкраінскіх уладаў адваёўваць рэгіёны на ўсходзе Украіны, кантраляваныя прарасійскімі сепаратыстамі.

Пра гэта ён паведаміў нямецкай газеце Rheinische Post. «Такая ваенная аперацыя закранула б таксама і цывільнае насельніцтва, нашых украінскіх суграмадзян», — цытуе выданне кіраўніка МЗС Украіны.

Ён падкрэсліў, што ўрад Украіны намераны і далей прытрымлівацца рэжыму спынення агню і працягваць пошук палітычных рашэнняў у канфлікце. У выпадку калі прарасійскія сепаратысты зноў пачнуць атакаваць пазіцыі ўкраінскай арміі, яна дасць ім дастойны адпор, бо за апошні час яе баяздольнасць істотна ўзрасла, сказаў Клімкін.

«Сёння ў яе шэрагах тысячы салдат, якія могуць змагацца і ўжо даказалі гэта», — адзначыў кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства.

Ён таксама даў зразумець, што Украіне ў бліжэйшы час зноў спатрэбіцца далейшая фінансавая дапамога Захаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?