Стварэнне сайта па гісторыі Беларусі, афіша нефармальных мерапрыемстваў і рэстаўрацыя абсерваторыі ў Менскім парку імя Горкага – гэтыя непадобныя адзін да аднаго праекты аб’ядноўвае платформа Talaka.by. «Талака.бай» — гэта першая ў Беларусі краўдсорсінгавая пляцоўка, ці проста, як называюць яе самі стваральнікі, пункт збору неабыякавых людзей.

Асноўная ідэя праекта — даць неабыякавым людзям магчымасць знайсці адзін аднаго і ўвасобіць іх ідэі ў жыццё. Сёння Talaka.by — пляцоўка, дзе можна знайсці аднадумацаў для рэалізацыі амаль што любой цікавай задумы. Цяпер на сайце каля 60 самых розных праектаў. 20 — ужо паспяхова рэалізаваныя. Сам кіраўнік Talaka.by асабліва ганарыцца рэстаўрацыяй абсерваторыі ў парку Горкага і арганізацыяй экскурсій для людзей са слабым зрокам.

«З аднаго боку, мы ствараем інструмент для рэалізацыі праектаў — саму платформу, а з іншага — ствараем культуру вырашэння праблемаў і спраў талакой. Мы будзем рады, калі людзі па такім прынцыпе пачнуць аб’ядноўвацца і без нашай дапамогі. Бо нішто ж не перашкаджае, напрыклад, жыльцам аднаго дома сабрацца і разам вырашыць праблемы свайго пад’езда, — кажа Яўген Клішэвіч, заснавальнік і кіраўнік праекта. -– Мы хочам ад культуры словаў перайсці да культуры дзеянняў. Каб людзі не толькі сядзелі і штосьці чыталі і каментавалі, а каб яны рабілі рэальныя справы».

Увогуле, думку, што трэба не сядзець, а мяняць нешта ў краіне ўласнымі сродкамі хлопец выношваў даўно.

«Спачатку была не канкрэтная ідэя, а проста жаданне змяняць Беларусь да лепшага. Бо зразумела было, што трэба нешта рабіць, але не зразумела — што і як. Пачыналася ўвогуе з ідэі стварэння інтэрнэт-каталогу беларускамоўных рэсурсаў. Потым думалі заняцца падтрымкай праектаў, якія папулярызуюць беларускую мову. Але прыйшло ўсведамленне, што праблем у краіне існуе шмат, навошта абмяжоўвацца толькі мовай. І вырашана было ствараць платформу, якая дапамагае людзям арганізоўвацца для сумеснага вырашэння праблем і рэалізацыі цікавых і карысных для грамадства ідэй. Гэта было ў самым пачатку майго навучання ва ўніверсітэце», — распавядае Клішэвіч.

Яму цяпер 22 гады. Родам хлопец з Салігорска, аднак надоўга ў родным горадзе ён не затрымаўся: спачатку паступіў у сталічны ліцэй пры БДУ, а пасля яго заканчэння і ва ўніверсітэт, на механіка-матэматычны факультэт. Але вучобу так і не скончыў — праца над Talaka.by падалася Яўгену важнейшай, і на апошнім курсе, быўшы выдатнікам, ён вырашыў сысці. Як кажа сам хлопец, праца над уласным праектам у плане развіцця дала яму значна больш, чым універсітэцкая адукацыя. Пры гэтым карысць свайго навучання ён не адмаўляе. Тэхнічная адукацыя ў нашай краіне добрая, і ў цэлым чалавеку варта мець хаця б мінімальныя тэхнічныя веды, упэўнены Яўген.

Цяпер Talaka.by не толькі паспяхова працуе, але і дынамічна развіваецца. У найбліжэйшыя тыдні запусціцца Talaka.Афіша (найбольш поўная афіша сталічных падзеяў, з ухілам на нефармальныя падзеі, што рэалізуюцца суполкамі, такімі як раварысты, эколагі, хакеры, архітэктары і г.д.). Ужо запушчаная Тalaka.Школа. «Школа» ставіць мэтай навучанне ахвотных сацыяльнаму прадпрымальніцтву і рэалізацыі сацыяльна значных праектаў — як ад ідэі перайсці да паўнавартаснага праекта і ажыццявіць яго. І гэта выклікае цікавасць — літаральна некалькі дзен таму на ворк-шоп ад Talaka.by, які праходзіў у межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, прыйшло каля 150 чалавек.

У будучым Яўген плануе перавесці платформу на самазабеспячэнне. Зараз яна жыве за ўласныя грошы Клішэвіча, якія ён зарабляе з дапамогай іншых праектаў.

«Але, вядома, мой грашовы рэсурс не бясконцы. Таму зараз мы актыўна вядзем перамовы з патэнцыйнымі спонсарамі і мецэнатамі, каб стварыць апекунскі савет з філантропаў і неабыякавых бізнэсоўцаў. Да таго ж ёсць ідэі, каб талака сама зарабляла грошы, напрыклад, правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці для прадстаўнікоў бізнэсу. Планаў і праектаў шмат», — кажа хлопец.

Будуць і іншыя змены. Пакуль што для рэалізацыі сваёй ідэі на сайце можна сабраць толькі людзей. Але вясной каманда Talaka.by плануе запусціць краўдфандынгавы сервіс, і пад свае праекты аўтары змогуць збіраць таксама фінансавыя сродкі.

Аднак ад стандартнай схемы Клішэвіч плануе адмовіцца. «Талака.бай» не будзе браць сабе працэнт ад сабраных грошай, як гэта робіць амерыканская краўдфандынгавая платформа Kickstarter. Замест гэтага, адзін ці два разы на год, праект будзе збіраць ва ўсіх неабыякавых людзей грошы на сваё ўласнае існаванне (так, дарэчы, працуе Вікіпедыя).

«Мы не падобныя шмат у чым да таго жа Кікстартара. Мы — зусім іншае і новае, платформа менавіта для сацыяльных інавацыяў, — падкрэслівае Яўген. – І яшчэ адно важнае адрозненне ў тым, што на Кікстартары людзі прыходзяць з ужо гатовым праектам. А мы дазваляем ператвараць ідэю ў рэалізаваны праект паступова і ўсім разам. Зараз мы дапрацоўваем нашую платформу і ў нас будзе асобны раздзел з ідэямі, дзе можна будзе падзяліцца сваёй думкай з людзьмі, праверыць, чаго яна вартая, і сабраць сваю каманду для яе рэалізацыі. Мы хочам сабраць усіх актыўных і неабыякавых людзей разам, каб кожны знайшоў свае месца — хтосьці генерыруе ідэю, хтосьці арганізуе каманду для ўвасаблення яе ў жыцце, хтосьці дае парады ці выконвае пэўныя задачы і г.д.».

Цяпер, акрамя Яўгена, каманда Talaka.by складаецца з крэатыўнага дырэктара Івана Вядзеніна, з якім яны і пачыналі праект, праектнага кансультанта, які непасрэдна займаецца кансультаваннем і размяшчэннем праектаў, спецыяліста па прасоўванню, дызайнера і праграміста. Але яшчэ шмат спецыялістаў дапамагаюць, але не бяруць штодзённага ўдзелу ў жыцці платформы: гэта юрысты, аналітыкі, журналісты, рэкламшчыкі, тэхнічныя кансультанты і шмат іншых. Сама «Талака» апраўдвае сваю назву – яна рабілася і робіцца па сённяшні дзень сапраўднай талакой. Першая версія сайта стваралася па такім жа прынцыпе, па якім зараз на платформе рэалізуюцца праекты, – было шмат людзей, якія працавалі разам і кожны з іх выконваў сваю частку і дапамагаў як мог.

« І паспяховы запуск платформы даказаў, што прынцып талакі працуе!» — адзначае Клішэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?