У Брэсце група хуліганаў збіла 17-гадовага юнака — футбольнага заўзятара.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 7 снежня прыкладна ў 19.40 у адным з мікрараёнаў горада да юнака, што стаяў на прыпынку грамадскага транспарту, падышлі сямёра хлопцаў ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў. У іх ліку былі навучэнцы школ і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Брэста, самы старэйшы працуе грузчыкам.
Кампанія пацікавілася футбольнымі перавагамі 17-гадовага юнака, а затым прапанавала прайсці за прыпынак для «размовы». Там яго спачатку збілі кулакамі і нагамі, пасля чаго нанеслі ўдары нажом.
Пацярпелы з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізаваны ў адну з брэсцкіх бальніц.
Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа на падставе ч. 3 арт. 339 КК (асабліа злоснае хуліганства). Усе падазроныя затрыманыя. Праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх акалічнасцяў здарэння, у тым ліку прыналежнасць падазроных да нефармальных аб'яднанняў.
Пацярпелы і падазроныя не былі знаёмыя. Пацярпелы юнак вучыцца ў адной з устаноў адукацыі горада.