Марк Міхальскі і Джозэф Рос з медычнай школы Ельскага ўніверсітэта (Канектыкут, ЗША) зрабілі агляд выкарыстання «цуду тэхнікі» ў сённяшняй медыцыне.

Да прыкладу, ужо больш за 10 год у стаматалогіі такім спосабам вырабляюць прэс-формы для зубных імплантатаў.

Хірургі напярэдадні складаных аперацый робяць перадаперацыйныя мадэлі. Напрыклад, можна змадэляваць паводле вынікаў КТ альбо МРТ трохмерны фрагмент косткі, якую трэ' будзе ўвасобіць падчас пластычнай аперацыі. Верагодна, у непасрэднай будучыні такім чынам з біяпалімеру можна будзе вырабляць і замену страчанай праз хваробу ці траўму косткі.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць змадэляваць індывідуальную біясумяшчальную палімерную шыну для дыхальных шляхоў. Калі немаўля хворае на бронхамаляцыю, такая шына не дазваляе спадацца сценкам бронхаў. А праз тры гады гэты пратэз рассмокчацца.

3D-друк таксама быў выкарыстаны дзеля стварэння пратэзаў, якія цяпер могуць быць распрацаваныя ў лічбавым выглядзе і залітыя для спампоўкі ў інтэрнэт.

Тым не менш, адзначаюць даследчыкі, лекары і пацыенты сутыкаюцца з праблемай разумення гэтай складанай тэхналогіі і не заўсёды могуць узважыць патэнцыйную карысць і верагодныя рызыкі ад няслушнай інтэрпрэтацыі.

Леанард Маркс, уролаг універсітэта Каліфорніі ў Лос-Анджэлесе, бачыць мноства магчымасцяў для выкарыстання 3D-друку. «Мы зацікавіліся гэтым, назіраючы ракавыя пухліны прастаты на МРТ і падчас аперацыі. Наколькі аб’ектыўную карціну дае МРТ? Мы выкарыстоўваем 3D-друк, каб зрабіць мадэль прастаты і супаставіць яе з дадзенымі МРТ і выдаленым органам, з якога ўжо можна атрымаць адпаведны шэраг зрэзаў. Устанаўленне сувязі паміж рэальнай карцінай і дадзенымі МРТ дазваляе больш аб'ектыўна тлумачыць здымкі і робіць нашую дапамогу хворым людзям больш эфектыўнай на любых стадыях раку. Прычым прыцягальнасць 3D-друку і ў параўнальна невысокіх цэнах такіх мадэляў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?