Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Мурашкевіч, каментуючы ўказ «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».

Указам нумар 570 прадугледжваецца комплекс мер, накіраваных на павышэнне памераў пенсій пры працяглым стажы работы. «Рэалізацыя гэтых мер дасць магчымасць, з аднаго боку, узмацніць матывацыю работнікаў да працяглай і легальнай працоўнай дзейнасці, з іншага — абмяжуе ўтрыманскія памкненні», — адзначыла прадстаўнік міністэрства.

З 1 студзеня 2015 года для людзей, якія ўжо дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, прадугледжваецца павышэнне пенсій, вылічаных пры стажы работы больш за 35 гадоў у мужчын і больш за 30 гадоў у жанчын з невысокім заработкам. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» павелічэнне пенсіі за кожны поўны год стажу работы звыш 25/20 гадоў складае 1 працэнт заработку, прынятага для вылічэння пенсій, але не можа быць менш за 1 працэнт мінімальнай пенсіі па ўзросце (цяпер гэта Br14 тыс. 741, а мінімальная пенсія пры 45-гадовым стажы ў мужчын і 40-гадовым у жанчын складае Br1 млн 768 тыс. 880). З 1 студзеня 2015 года для пенсіянераў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, мінімальны памер павелічэння за кожны поўны год стажу работы звыш 35/30 гадоў (г. зн. за 36-ы/31-ы і наступныя гады стажу) складзе не менш як 0,7 працэнта сярэдняй зарплаты работнікаў у рэспубліцы, што прымяняецца для карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянера, - гэта Br39 тыс. 377. У тых пенсіянераў, якім пенсіі вылічваюцца з улікам стажу работы 45/40 гадоў, новы мінімум будзе прымяняцца пачынаючы адпаведна з 26-га і 21-га года стажу. Мінімальны памер пенсіі пры такім працяглым стажы работы павялічыцца да Br2 млн 261 тыс. 610.

«Напрыклад, жанчыне пенсія вылічана з улікам стажу работы 32 гады. Памер яе пенсіі складае 55 працэнтаў заработку, прынятага для вылічэння пенсіі за 20 гадоў, і па 1 працэнце гэтага заработку за кожны год работы звыш 20 гадоў. Пры гэтым мінімальная цана кожнага поўнага года стажу звыш 20 гадоў не можа быць меншая за 1 працэнт мінімальнай пенсіі па ўзросце. У снежні бягучага года гэта складае Br14 тыс. 741, а за 12 гадоў — не менш як Br176 тыс. 892. З 1 студзеня 2015 года за 31-ы і 32-і год стажу мінімальная цана павялічваецца да Br39 тыс. 377. Дадатковае павелічэнне за гэтыя два гады складзе амаль Br50 тыс. Калі ў жанчыны ёсць 40 гадоў стажу, то новы мінімум прымяняецца пачынаючы з 21 года стажу», — растлумачыла Наталля Мурашкевіч.

Указам прадугледжваецца вылічэнне са студзеня 2015 года працоўнай пенсіі з адкарэкціраванага фактычнага заработку за апошні 21 год запар стажу работы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж работы. Пачынаючы з 1 студзеня 2016 года гэты перыяд будзе павялічвацца штогод на адзін год да фактычна існуючага ў пенсіянера стажу работы. Гэта дасць магчымасць паступова перайсці да вылічэння пенсіі з заработку за ўвесь перыяд працоўнай і іншай грамадска карыснай дзейнасці, уключанай у стаж. Прычым з абавязковым прымяненнем даных аб заработнай плаце, зафіксаваных у сістэме персаніфікаванага ўліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў.

У мэтах фінансавага забеспячэння навацый са студзеня 2015 года гранічная велічыня заработку для выплаты абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва павялічваецца з 4-х да 5-кратнай велічыні сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за месяц, што папярэднічае месяцу, за які выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы.

Таксама з 1 студзеня 2015 года павялічваецца з 10 да 15 гадоў мінімальны стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце або за выслугу гадоў. Гэта патрабаванне не распаўсюджваецца на сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі, якім пенсіі па ўзросце назначаюцца на льготных умовах у адпаведнасці з артыкуламі 17-22 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні». Гэта бацькі дзяцей-інвалідаў і інвалідаў з дзяцінства, шматдзетныя маці, інваліды з дзяцінства і некаторыя іншыя катэгорыі, для якіх фарміраванне працяглага стажу аб'ектыўна ўскладнена. Для іх захоўваецца ўмова аб наяўнасці 5-гадовага страхавога стажу.

Тым, хто не мае мінімальнага 15-гадовага (або ўстаноўленага для асобных катэгорый 5-гадовага) стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, сацыяльная пенсія будзе назначацца на 5 гадоў пазней: мужчынам па дасягненні ўзросту 65 гадоў, жанчынам - 60 гадоў. Гэтыя змяненні таксама не закранаюць сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі (дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку з інвалідаў з дзяцінства, дзяцей у выпадку страты карміцеля).

Паводле ацэнкі, са студзеня 2015 года пенсіі павялічацца прыкладна ў 670 тыс. пенсіянераў.

З 1 студзеня 2016 года ўказам прадугледжваецца павышэнне пенсій людзям, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, са стажам работы больш за 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын. Гэта адбудзецца за кошт больш высокага кошту кожнага поўнага года стажу работы звыш 40/35 гадоў. Кошт 41-га/36-га года стажу работы складзе 1,1 працэнта заработнай платы, прынятай для вылічэння пенсіі (але не менш як 1,1 працэнта ад 0,7 сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі), 42-га/37-га — 1,2 працэнта, 43-га/38-га — 1,3 працэнта, 44-га/39-га — 1,4 працэнта, за 45-ы/40-ы год — 1,5 працэнта заработнай платы, прынятай для вылічэння пенсіі (але не менш як 1,5 працэнта ад 0,7 сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі).

Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года асобам са стажам работы 36 гадоў у мужчын і 31 год у жанчын пры вылічэнні працоўнай пенсіі будзе ўлічвацца заработак у памеры да 5-кратнай сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы. Цяпер максімальны каэфіцыент улічваемага заработку — 4,0.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру