Гульня будзе падтрымліваць камп'ютары з аперацыйнай сістэмай Windows і планшэты на Android ды iOS. На Windows будзе даступная новая сістэма сеткавай гульні, але пра магчымасць анлайн-баёў на планшэтах не паведамляецца.

Выпуск новай версіі «HD Edition» запланаваны на 29 студзеня.

Графіка гульні будзе палепшаная для высокага разрознення. Выява адаптаваная для шырокафарматных экранаў, хаця зараз ў многіх сцэнах па баках прысутнічаюць «пустыя» бакавіны. Як кіраванне гульні будзе адаптаванае пад сэнсарныя экраны, не паведамляецца.

У новую версію трапяць сем сцэнароў для кампаніі і 50 картаў для рэжыму на шмат карыстальнікаў, а таксама рэдактар карт. Выпушчаная будзе толькі версія «Адраджэнне Эрафіі», на пазнейшыя дапаўненні Ubisoft не мае правоў.

Цана Heroes of Might and Magic III HD Edition пакуль невядомая.

Heroes of Might and Magic III выйшла ў 1999 годзе. У пакрокавай стратэгіі з баямі ўмоўных армій гулец змагаецца за панаванне ў фэнтэзійным свеце анёлаў, дэманаў, драконаў і мерцвякоў. Гульня атрымала высокія ацэнкі крытыкаў і гульцоў.

Яе нашчадкі (чацвёртая, пятая і шостая часткі) былі прынятыя не так цёпла. Фанаты працягвалі распрацоўваць мадыфікацыі і парты «Трэціх Герояў». Зараз браўзерную гульню-нашчадка «Герояў» Might & Magic Heroes Online распрацоўвае малавядомая кітайская кампанія Virtuos.

На планшэты і смартфоны афіцыйна перанесена нямала класічных відэагульняў з камп’ютараў і кансоляў: некалькі гульняў серыі Final Fantasy,Worms, Carmageddon, Baldur's Gate, Bard’s Tale, XCOM: Enemy Unknown, Syberia, Max Payne і некалькі частак Grand Theft Auto (GTA III, Vice City, San Andreas) і многія іншыя.

З дапамогай праграм-эмулятараў можна запусціць практычна ўсе гульні для кансоляў да пятага пакалення (да першай Sony Playstation).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?